0%

Інавацыі БЕЛАЗа: «зялёныя тэхналогіі» і альтэрнатыўныя крыніцы энергіі

28 апреля 2020

Новости

Сучасныя экалагічныя стандарты, укараненне «зялёных тэхналогій», пераход на альтэрнатыўныя крыніцы энергіі – глабальны трэнд машынабудавання. Развіваючыся ў рэчышчы сусветных тэндэнцый, БЕЛАЗ імкнецца павышаць эфектыўнасць, зніжаць эксплуатацыйныя выдаткі, паляпшаць бяспеку і экалагічнасць кар’ернай тэхнікі.

Аб ключавых кірунках устойлівага прагрэсу БЕЛАЗа і стратэгічных прыярытэтах вытворчай дзейнасці кампаніі ў інфармацыйным праекце «Стратэгія развіцця»

Курсам на электрыфікацыю
У рэчышчы газіфікацыі кар’ернікаў

Курсам на электрыфікацыю

Дызель-тралейвозы – гэта перспектыўны напрамак у рэчышчы сусветных тэндэнцый па выкарыстанні альтэрнатыўных крыніц энергіі ў кар’ернай тэхніцы. Прымяненне кар’ернага транспарту такога класа з’яўляецца эфектыўным рашэннем для горнатранспартных работ, бо дазволіць павялічыць хуткасць руху самазвала на ўздыме ў 1,8-2 разы, што ў сваю чаргу дасць магчымасць павысіць прадукцыйнасць і нарасціць аб’ём перавозак. Адначасова будзе забяспечана зніжэнне расходу паліва, значна зменшаны выкіды шкодных рэчываў у навакольнае асяроддзе і палепшана экалагічнае становішча ў кар’еры і сумежных раёнах. Пераход на дызель-тралейвозы дазволіць прымяніць дызельныя рухавікі меншай магутнасці.

Вылучаюцца тры распрацоўкі спецыялістаў БЕЛАЗа ў гэтым кірунку:

– дызель-тралейвоз – гэта кар’ерны самазвал, які на пэўным участку кар’ернай дарогі ў якасці сілавой устаноўкі выкарыстоўвае знешнюю крыніцу электрычнасці, за кошт чаго павялічваецца хуткасць машыны і эканоміцца дызельнае паліва;
– электратралейвоз, які выкарыстоўвае ў асноўным знешнюю крыніцу энергіі ад тролейных ліній і толькі ў месцах пагрузкі і разгрузкі пераходзіць на ўласныя акумулятарныя батарэі;
– самазвал-электравоз, або электрасамазвал, які выкарыстоўвае ў якасці сілавой устаноўкі блок цягавых акумулятарных батарэй.

Камп’ютарная 3D-мадэль дызель-тралейвоза «БЕЛАЗ» грузападымальнасцю 240 тон і схема яго перамяшчэння ў кар'еры.

Рэалізацыя першых двух разнавіднасцяў электрыфікацыі кар’ерных самазвалаў ужо ідзе поўным ходам. Для правядзення даследаванняў, выпрабаванняў і наладкі абсталявання на завадскім палігоне плануецца ўсталяваць кантактную тролейную лінію агульнай працягласцю больш за паўкіламетра.

Распрацоўваецца сістэма кіравання тралейвозным абсталяваннем уласнай вытворчасці для стварэння электратралейвоза на базе 220-тонніка БЕЛАЗ-75306 – цалкам экалагічнага кар’ернага транспарту, вольнага ад шкодных выкідаў.

У якасці крыніцы энергіі электрасамазвал замест дызель-генератарнай устаноўкі выкарыстоўвае цягавыя акумулятарныя батарэі.

На сённяшні дзень актуальна рашэнне задачы забеспячэння працяглай працы акумулятарных батарэй без падзарадкі.

«Пытанне ў тым, што нават самыя лепшыя электрычныя назапашвальнікі энергіі па сваіх удзельных паказчыках здольныя забяспечыць практычна ў 20 разоў меншы запас ходу ў параўнанні з машынамі на дызельным паліве. Цяпер самазвал пры руху з грузам уніз без падзарадкі можа працаваць максімальна каля 8 гадзін. Але так як 95 % кар’ераў – гэта ўсё ж перавозка грузу ўверх, то пасля кожнага рэйса такой машыне абавязкова неабходная падзарадка», – адзначае генеральны канструктар ААТ «БЕЛАЗ» Аляксандр Ягораў.

Тым не менш гэты кірунак распрацовак вельмі перспектыўны. Так, па плане доследна-канструктарскіх работ на нашым прадпрыемстве ў гэтым годзе намечаны выраб узораў 130-тонных самазвалаў, якія будуць працаваць па газадызельным цыкле.

Ужо ў бліжэйшыя месяцы ў планах белазаўскіх канструктараў вырабіць і ўзор самазвала ў класе 90 тон на электрычных батарэях. Дагавор з паўднёвакарэйскім вытворцам батарэй і пагадненне на спецыяльныя спадарожныя сістэмы заключаны, камплектуючыя прыбываюць, так што неўзабаве пачнецца закладка гэтага самазвала.

«Выкарыстанне электрасамазвалаў дазволіць горназдабываючым прадпрыемствам эканоміць за кошт розніцы цаны на паліва і электрычнасць. Калі ўзяць Якуцію, дзе ў Расіі самая вялікая дэльта паміж цаной на паліва і цаной на электрычнасць, за 10 гадоў эксплуатацыі такі кар’ерны электрасамазвал можа зэканоміць да $ 3 млн», – падзяліўся падлікамі Аляксандр Насковец, начальнік бюро кампаноўкі навукова-тэхнічнага цэнтра ўпраўлення галоўнага канструктара ААТ «БЕЛАЗ».

У цэлым па прагнозах экспертаў з ростам кошту дызельнага паліва актуальнасць выкарыстання тралейвознага транспарту на базе акумулятараў ці кандэнсатараў будзе толькі ўзрастаць.

У рэчышчы газіфікацыі кар’ернікаў

Ідучы насустрач інтарэсам здабываючых кампаній і задавальняючы запыты спажыўцоў, БЕЛАЗ рэалізуе некалькі прарыўных праектаў у сегменце кар’ернай тэхнікі на газаматорным паліве. Цікавасць да яе з боку здабываючых кампаній у апошні час расце. Бо тэхніка, якая выкарыстоўвае ў якасці маторнага паліва звадкаваны прыродны газ, дазваляе не толькі эканоміць сродкі, але і паляпшае экалагічную сітуацыю ў звычайна моцна загазаваных кар’ерах.

Праца над газіфікацыяй кар’ернай тэхнікі вядзецца па двух напрамках – газадызель і чысты газ. У прыватнасці, белазаўцы працуюць над стварэннем 90-тонніка з рухавіком Weichai на газавым паліве. Таксама ў бліжэйшых планах БЕЛАЗа сумесна з расійскімі кампаніямі стварыць кар’ерны самазвал грузападымальнасцю 136 тон з газапоршневым рухавіком на базе дызеля Cummins КТА 50-С.

Кар’ерная тэхніка найбольш зручная для газіфікацыі, бо эксплуатуецца недалёка ад месца сваёй дыслакацыі і адна запраўка можа абслугоўваць увесь парк самазвалаў.

45-тонны самазвал БЕЛАЗ-75476 з газапоршневым рухавіком, які працуе на метане, ужо праходзіць эксплуатацыйныя выпрабаванні ў кар’еры Ламаносаўскага ГАКа ў Архангельскай вобласці Расіі.

Акрамя таго, канструктарамі прадпрыемства ў макетным выкананні распрацаваны 90-тонны «БЕЛАЗ», які працуе на звадкаваным метане. Два паспяховыя пускі такога рухавіка ўжо зроблены. Па меры яго вывучэння ўносяцца карэктывы, дапрацоўкі. У бліжэйшы час плануецца выхад на поўную магутнасць рухавіка.

Падкрэслім, што ўсе распрацоўкі праводзяцца на падставе маркетынгавых даследаванняў рынку і ў цесным супрацоўніцтве з традыцыйнымі і патэнцыяльнымі спажыўцамі кар’ернай тэхнікі «БЕЛАЗ».