0%

Кампетэнтныя адказы на пытанні белазаўцаў

17 марта 2021

Новости

16 сакавіка на Беларускім аўтамабільным заводзе адбылася сустрэча прадстаўнікоў працоўнага калектыву з генеральным дырэктарам ААТ «БЕЛАЗ» Сяргеем Нікіфаровічам і старшынёй Жодзінскага гарвыканкама Дзмітрыем Заблоцкім. Традыцыйна на такой дыялогавай пляцоўцы белазаўцы і кіраўнікі прадпрыемства і горада сустракаюцца напярэдадні завадской прафсаюзнай канферэнцыі.

Першых асоб завода і горада суправаджалі кіраўнікі службаў, каб кампетэнтна адказаць на шматлікія пытанні работнікаў БЕЛАЗа. Дарэчы, раней кожны завадчанін меў магчымасць падняць хвалюючую яго праблему або тэму і падаць сваё пытанне праз прафсаюзныя структуры, каб спецыялісты маглі падрыхтавацца і даць вычарпальныя адказы.

У пачатку сустрэчы генеральны дырэктар Сяргей Нікіфаровіч коратка ахарактарызаваў вельмі складаную для прадпрыемства сітуацыю 2020 года і яе змяненне ў лепшы бок ў 2021-м, калі з прычыны росту коштаў на карысныя выкапні і павелічэння попыту на кар’ерную тэхніку (у першую чаргу гэта тычыцца рынку Расіі) пачалі расці аб’ёмы вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі БЕЛАЗа. «Цяпер наша задача – трымаць зададзены тэмп і выканаць усе атрыманыя заказы, – падкрэсліў, звяртаючыся да белазаўцаў, кіраўнік прадпрыемства. – Работа будзе вельмі сур’ёзная. Яна прынясе свой плён у выглядзе годнай заработнай платы завадчан і істотнага папаўнення гарадскога бюджэту за кошт падаткаў. Гэтыя сродкі пойдуць у тым ліку і на вырашэнне тых пытанняў, якія прагучаць на сённяшняй сустрэчы».

Старшыня гарвыканкама Дзмітрый Заблоцкі наглядна, у канкрэтных лічбах паказаў удзельнікам сустрэчы, якое падзенне даходнай часткі бюджэту прынёс крызісны год для жодзінскіх «горадаўтваральных» прадпрыемстваў і які ўплыў на пераразмеркаванне артыкулаў бюджэту аказала пандэмія. У гэтым галоўныя прычыны таго, што не ўдалося зрабіць у горадзе ў плане навядзення парадку і добраўпарадкавання.

У бліжэйшы час прадстаўнікі працоўных калектываў, якія прысутнічалі на сустрэчы, пазнаёмяць на працоўных месцах сваіх калег з атрыманай інфармацыяй, бо адказы на надзённыя пытанні, што прагучалі падчас мерапрыемства, так ці інакш тычацца кожнага.