0%

Маладыя белазаўцы абаранілі свае ідэі на конкурсе

21 декабря 2020

Новости

Сучасныя веды, наватарства, уменне працаваць у рэжыме шматзадачнасці, энтузіязм і энергія маладых дапамагаюць удасканальваць вытворчасць і паляпшаць жыццё прадпрыемства. 18 снежня адбылася абарона праектаў, якія завадчане прадставілі на конкурс «Маладзёжны патэнцыял – інавацыйнаму развіццю БЕЛАЗа».

На суд экспертнай камісіі, у склад якой уваходзяць топ-менеджэры прадпрыемства, было прадстаўлена дзевяць работ па розных пытаннях вытворчасці і іншых сфер жыццядзейнасці БЕЛАЗа.

Пытанні ўдасканалення сістэм і вузлоў кар'ерных самазвалаў былі тэмамі работ інжынераў-канструктараў упраўлення галоўнага канструктара навукова-тэхнічнага цэнтра (УГК НТЦ) Івана Барашэнкі, Мацвея Альшэўскага, Андрэя Цераха і Сяргея Кулецкага.

Цыфравізацыя жыцця, што так актыўна і бескампрамісна ўварвалася ў наша жыццё, не магла не знайсці адлюстраванне ў праектах маладых завадчан, якія як ніхто «на ты» з IT. Прымяненне інфармацыйных тэхналогій прапанавалі ў сваіх праектах старшы дыспетчар цэха галоўнага канвеера Ігар Гаваруноў, бухгалтар кіравання бухгалтарскага ўліку і справаздачнасці Кацярына Зяньковіч, інжынер-тэхнолаг кіравання інфармацыйных сістэм (КІС) Віталь Кухарэнка.

Члены конкурснай камісіі пры разглядзе работ адзначылі ў цэлым актуальнасць прапаноў і высокі, сур'ёзны ўзровень падрыхтоўкі праектаў.

Што ж падштурхоўвае сучасную моладзь? Часцей за ўсё унутраным фактарам выступае прафесійная матывацыя – імкненне даказаць, што ты найлепшы ў сваёй справе. Менавіта ў гэтым і дапамагае ініцыятыўным работнікам праграма «Моладзь БЕЛАЗа», якая эфектыўна рэалізуецца на БЕЛАЗе і дае магчымасць маладым работнікам праявіць сябе і рэалізаваць свае рацыяналізатарскія ідэі, праекты і прарыўныя рашэнні. Адчуваючы падтрымку кампаніі, моладзь імкнецца дзяліцца нестандартнымі ідэямі, выказваць свае думкі, праяўляе ініцыятыву і не баіцца браць на сябе адказнасць за вынік.

Штогадовы конкурс «Маладзёжны патэнцыял – інавацыйнаму развіццю БЕЛАЗа», які праводзіцца на заводзе з 2011 года, – ключавое мерапрыемства праграмы «Моладзь БЕЛАЗа». Ён дае магчымасць маладым работнікам паказаць сябе ініцыятыўнымі і энергічнымі, зарэкамендаваць сябе спецыялістамі, якія ўмеюць нестандартна думаць і працуюць для дасягнення пастаўленых мэтаў. Перамога ў конкурсе для моладзі часта становіцца стартавай пляцоўкай іх будучага поспеху ў прафесіі, у кар'еры.