0%

На міжнародную арэну выходзіць кантынентальная велакаманда «БЕЛАЗ»

13 января 2021

Новости

У шэрагах прафесійных каманд Беларускай федэрацыі веласпорту папаўненне – створаны новы веласіпедны кантынентальны клуб «БЕЛАЗ» («BELAZ» cycling team).

12 студзеня адбылася прэзентацыя велакаманды «БЕЛАЗ» з удзелам генеральнага дырэктара ААТ «БЕЛАЗ» Сяргея Нікіфаровіча, спартсменаў, трэнераў, партнёраў клуба, прадстаўнікоў Міністэрства спорту і федэрацыі веласпорту.

– БЕЛАЗ заўсёды выступаў за развіццё новых напрамкаў і падтрымку спорту ў краіне. Велагонка – гэта ўпартая праца, каб чаго-небудзь дасягнуць, трэба прыкласці намаганні. Гэтак жа і наша тэхніка працуе ў самых цяжкіх умовах і канкурыруе з гігантамі галіны, пры гэтым застаючыся адной з лепшых. Я жадаю ўсёй камандзе, каб вы змаглі сябе праявіць і дабіліся высокіх вынікаў на міжнароднай арэне, – адзначыў на прэс-канферэнцыі генеральны дырэктар ААТ «БЕЛАЗ» Сяргей Нікіфаровіч.

Ініцыятары стварэння велаклуба «БЕЛАЗ» – кампанія «Штарк», афіцыйны дылер БЕЛАЗа ў Перу і В'етнаме, і Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі (РЦАП) па веласпорце. «Штарк» таксама выступае генеральным спонсарам гэтага праекта. Афіцыйнымі партнёрамі клуба сталі ААТ «Белінвестбанк» і Беларуская нацыянальная перастраховачная арганізацыя.

– Чаму мы абралі для каманды назву «БЕЛАЗ»? Па-першае, гэта прыгожа, па-другое, БЕЛАЗ – гэта флагман беларускай эканомікі. Машыны, увасобленыя ў сталі, – вынік працы тысячы людзей. Гэта гонар Беларусі. Нам прыемна, што мы можам ўнесці свой уклад у прасоўванне брэнда. Усе гэтыя якасці аб'ядноўваюць свет спорту і свет металу, – адзначыў выканаўчы дырэктар ТАА «Штарк» Сяргей Дзюбенка.

Аснову велаклуба «БЕЛАЗ» склалі члены нацыянальнай зборнай па велатрэку, прызёры чэмпіянатаў Еўропы, кубкаў свету, шматразовыя чэмпіёны Беларусі Раман Цішкоў, Раман Раманаў, Гардзей Цішчанка, Яўген Ахраменка, а таксама маладыя перспектыўныя велагоншчыкі.

– З'яўленне клуба «БЕЛАЗ» – вялікі крок у развіцці беларускага веласпорту. Новы прафесійны клуб дазволіць падняць канкурэнцыю, даўшы магчымасць нашым спартсменам, што выступаюць на трэку, атрымаць шашэйную практыку, без якой сёння не абыходзіцца ніхто з сусветных лідараў, – адзначыў адзін з ініцыятараў заснавання дырэктар РЦАП па веласпорце Дзмітрый Талкачоў.

Cпартыўным дырэктарам новага клуба стаў лепшы велагоншчык у гісторыі Беларусі Васіль Кірыенка – чэмпіён свету, двухразовы пераможца Еўрагульняў, трыумфатар этапаў «Вуэльта» і «Джыра д'Італія». У мінулым годзе ён завяршыў прафесійную кар'еру, узначаліўшы зборную Беларусі па веласпорце.

Першую міжнародную гонку спартсмены велаклуба «БЕЛАЗ» правядуць у Турцыі ў пачатку лютага. Далей у раскладзе – чэмпіянат Еўропы на трэку, а таксама спаборніцтвы ў Харватыі, Славеніі, Польшчы, Расіі, старты ў Беларусі і этапы Кубка нацый у Вялікабрытаніі, Ганконгу і Калумбіі. Гэтыя гонкі стануць своеасаблівым аглядам напярэдадні алімпійскага сезону.

Беларускі веласпорт мае багатыя традыцыі на міжнароднай арэне. Дастаткова ўспомніць алімпійскіх чэмпіёнаў на шашы Уладзіміра Камінскага і Алега Логвіна, чэмпіёнаў свету Ігара Сумнікава і Васіля Кірыенку. Ва ўсім свеце веласпорт на шашы набыў каласальную папулярнасць, а ўсе найбуйнейшыя велагонкі праводзяцца ў фармаце клубнага ўдзелу.

Прасоўванне брэнда «БЕЛАЗ» на міжнароднай арэне, удасканаленне ўзроўню велагоншчыкаў і дасягненне імі высокіх вынікаў на чэмпіянатах свету, Еўропы і Алімпійскіх гульнях, а таксама папулярызацыя веласпорту ў нашай краіне – такія галоўныя задачы шашэйнага велаклуба «БЕЛАЗ».