0%

На Сонцаўскім вугальным разрэзе здабыты рэкордныя 10 млн тон вугалю

3 декабря 2020

Новости

Расійскі партнёр Беларускага аўтамабільнага завода Усходняя гарнарудная кампанія дасягнула на Сонцаўскім вугальным разрэзе рэкорднага паказчыка вуглездабычы з пачатку 2020 года. Упершыню ў гісторыі Сахалінскай вобласці здабыта 10 млн тон вугалю.

Дзесяціразовым гудком азнаменавалі юбілейны аб’ём здабычы «БЕЛАЗы» Сонцаўскага разрэза на ўрачыстай цырымоніі з удзелам перадавікоў вытворчасці.

Дамагчыся такога знакавага для ўсяго Сахаліна рэкорднага аб’ёму здабычы гарнякам Сонцаўскага вугальнага разрэза (СВР) удалося дзякуючы маштабнай інвестыцыйнай праграме па абнаўленні парка горнай тэхнікі, адна з галоўных роляў у якой была адведзена высокапрадукцыйным і эфектыўным 220-тонным кар’ерным самазвалам «БЕЛАЗ».

– Мы штогод нарошчваем магутнасці Сонцаўскага вугальнага разрэза, пашыраючы парк горнатранспартнай тэхнікі, укараняючы сучасныя тэхналогіі. 10 мільёнаў тон – гэта старт новага этапу працы для кампаніі. У будучыні плануем павялічыць гэты паказчык у 2 разы, – адзначыў на ўрачыстай цырымоніі намеснік дырэктара па вытворчасці СВР Іван Падгорных.

У першым паўгоддзі 2020 года на СВР уведзены ў эксплуатацыю 14 новых кар’ерных самазвалаў БЕЛАЗ-75306 грузападымальнасцю 220 тон – самых магутных кар’ернікаў на разрэзе. У цэлым жа на перавозцы вугалю і раскрыўных парод тут задзейнічаны вялікі парк 130- і 220-тонных «БЕЛАЗаў».

Ключавым момантам святочнай цырымоніі стала ўручэнне сімвала першай юбілейнай здабычы – фрагмента вугальнай пароды, здабытай у рэкорднай партыі, кіраўніцтву Углягорскага раёна для перадачы ў мясцовы краязнаўчы музей.

Максімальная адпаведнасць умовам эксплуатацыі, надзейнасць канструкцыі, бяспека і эфектыўнасць – ключавыя характарыстыкі, якія адзначаюць гарнякі ў кар’ерных самазвалах «БЕЛАЗ». Менавіта такая тэхніка дапамагае сахалінскім вуглездабытчыкам дасягаць вытворчых рэкордаў.

Фото sakhalin.info, eastmining.ru