0%

Намечаны далейшыя крокі па пашырэнні супрацоўніцтва з групай кампаній AV Group

2 апреля 2021

Новости

Перспектывы доўгатэрміновага супрацоўніцтва, кантракты і планы паставак кар’ернай тэхнікі «БЕЛАЗ» абмяркоўваліся 1 красавіка падчас рабочага візіту на Беларускі аўтамабільны завод прадстаўнікоў расійскіх прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у групу кампаній AV Group.

Будучы адным з сусветных лідараў у галіне якасці і бяспекі бураўзрыўных і горных работ, ГК AV Group з’яўляецца даўнім стратэгічным партнёрам ААТ «БЕЛАЗ». Гэта група кампаній, якая дынамічна развіваецца і працуе па ўсёй Расіі, СНД, а таксама ў краінах Усходняй Еўропы.

Асобныя кампаніі са структуры ГК AV Group, такія як ТАА «Горна-транспартная кампанія» і ТАА «АВ Майнінг», аказваюць паслугі горназдабыўным прадпрыемствам Кемераўскай і Новасібірскай абласцей па транспарціроўцы горнай масы, у тым ліку і на кар’ерных самазвалах «БЕЛАЗ». У парку тэхнікі гэтых прадпрыемстваў працуе каля 50 самазвалаў «БЕЛАЗ» грузападымальнасцю ад 130 да 450 тон. Сярод спажыўцоў транспартных паслуг такія буйныя прадпрыемствы, як АТ «Міжрэчча», ТАА «Разрэз Першамайскі», АТ «Чарнігавец», ТАА «Разрэз Усходні», ТАА «Эльгавугаль», ТАА «Разрэз Кійзаскі» і інш.

Па кантракце з ТАА «Азот Майнінг Сэрвіс», таксама ўваходзіць у AV Group, ААТ «БЕЛАЗ» адгрузіла 15 кар’ерных самазвалаў мадэлі 7555В. Новыя 55-тоннікі будуць задзейнічаны ў праекце «Паўночная зорка» па стварэнні вугальнага кластара ў Краснаярскім краі. У рамках другога кантракта зараз рыхтуецца адгрузка з завода яшчэ 15 кар’ерных самазвалаў БЕЛАЗ-75131, якія ў красавіку-маі будуць адпраўленыя на прадпрыемствы Кемераўскай вобласці.

– Наша супрацоўніцтва з беларускім вытворцам кар’ерных самазвалаў знаходзіцца на самым высокім узроўні, – адзначыў генеральны дырэктар ТАА «АВ Майнінг» Зміцер Дунцаў. – Уся рухаючаяся тэхніка для адкрытых горных работ у нас – гэта самазвалы «БЕЛАЗ». З іх 55-тоннікі – самыя маленькія, ёсць таксама машыны грузападымальнасцю 130, 180, 220, 240 і нават 360 тон. Што да апошніх, то сярод падрадчыкаў, мабыць, мы адзіныя, у каго ёсць кар’ерныя самазвалы такога класа грузападымальнасці. А «БЕЛАЗ» серыі 7513 – наогул універсальная машына. Невыпадкова гарнякі называюць яе «аўтамат Калашнікава» – бяры і эксплуатуй! Таму пры выбары новых 130-тоннікаў мы разглядалі толькі «БЕЛАЗы». У часы бурнага развіцця рынку аўтсорсераў Беларускі аўтамабільны завод для нас – найважнейшы стратэгічны партнёр.

На сумеснай працоўнай нарадзе з удзелам топ-мэнэджараў ААТ «БЕЛАЗ», АТ «Азот-Выбух», ТАА «АВ Майнінг», АТ «ГД «БЕЛАЗ» і ТАА «БЕЛАЗ-24» бакі правялі дэталёвыя кансультацыі па эксплуатацыі дзеючага ў кампаніях AV Group парку тэхнікі «БЕЛАЗ», абмеркавалі бягучыя пытанні ўзаемадзеяння і намецілі далейшыя крокі па пашырэнні супрацоўніцтва на бліжэйшыя пяць гадоў.

– З тэхнікай «БЕЛАЗ» плануем атрымаць новы для нас вопыт эксплуатацыі кар’ерных машын у самых складаных кліматычных умовах, у тым ліку ва ўмовах Крайняй Поўначы, – падкрэсліў упраўленчы дырэктар АТ «Азот-Выбух» Ілья Чарнілоўскі. – Спадзяемся, што ён будзе гэтакі ж пазітыўны, як і бягучы вопыт выкарыстання тэхнікі «БЕЛАЗ» у іншых рэгіёнах Расіі. Упэўнены, што і ў далейшым партнёрскія адносіны AV Group з Беларускім аўтамабільным заводам атрымаюць сваё развіццё ў новых узаемавыгадных праектах.

Візіт дэлегацыі партнёраў арганізаваны пры садзейнічанні АТ «Гандлёвы дом «БЕЛАЗ» – генеральнага дыстрыб’ютара ААТ «БЕЛАЗ» у Расійскай Федэрацыі і яе афіцыйнага дылера ТАА «БЕЛАЗ-24». Дэлегацыю суправаджаў генеральны дырэктар Гандлёвага дома Аляксей Лямін.