0%

Навічкі ў парку «БЕЛАЗаў» як фактар росту здабычы вугалю высокай якасці

13 апреля 2021

Новости

Істотна павялічыла аб'ём здабычы ў першым квартале бягучага года расійская група кампаній «Сібантрацыт». На дынаміку росту паўплывалі як попыт на антрацыт, які намеціўся ў апошнія некалькі гадоў на сусветным рынку, так і набыццё новых кар'ерных самазвалаў «БЕЛАЗ» вялікай грузападымальнасці.

Адразу на 17 % (адносна аналагічнага перыяду 2020 года) павялічылі здабычу лепшых гатункаў вугалю ў першым квартале бягучага года прадпрыемствы групы ў Новасібірскай вобласці. За тры першыя месяцы 2021 года здабыта 4,8 млн тон вугалю, у тым ліку 2,9 млн тон антрацыту UHG (вышэйшая разнавіднасць каменнага вугалю) і 1,9 млн тон металургічнага вугалю маркі Т.

Фото sibanthracite.ru

Так, на Калыванскім вугальным разрэзе АТ «Сібірскі антрацыт» самазвалы «БЕЛАЗ» вялікай грузападымальнасці аптымальна падыходзяць пад мясцовыя ўмовы здабычы, што дазваляе з большай эканамічнай выгадай весці горныя работы. У канцы мінулага года парк тэхналагічнага транспарту разрэзу істотна пашырыўся за кошт набыцця буйной партыі «БЕЛАЗаў»: дзесяці 220-тонных самазвалаў серыі 75307 і чатырнаццаці 130-тоннікаў серыі 75131.

Такім чынам, нарошчваць аб'ёмы здабычы ўнікальнага антрацыта выключнай чысціні новасібірскім гарнякам зараз дапамагаюць каля ста адзінак белазаўскай тэхнікі грузападымальнасцю ад 55 да 220 тон.

Група «Сібантрацыт» – найбуйнейшы ў Расіі вытворца металургічных вуглёў, сусветны лідар па выпуску высакаякаснага антрацыту. Група аб'ядноўвае АТ «Сібірскі Антрацыт» і ТАА «Разрэз Усходні» ў Новасібірскай вобласці і ТАА «Разрэз Кійзаскі» ў Кемераўскай.