0%

Патэнцыял моладзі – на развіццё БЕЛАЗа

10 января 2020

Новости

Падведзены вынікі конкурсу інавацыйных і рацыяналізатарскіх ідэй і праектаў «Маладзёжны патэнцыял – інавацыйнаму развіццю БЕЛАЗа», які штогод праводзіцца на Беларускім аўтамабільным заводзе ў рамках рэалізацыі праграмы «Моладзь БЕЛАЗа».

На прадпрыемстве створана сістэма работы з маладымі белазаўцамі, накіраваная на далучэнне работнікаў гэтай катэгорыі да вытворчых працэсаў і пошуку нестандартных эфектыўных рашэнняў надзённых пытанняў. Шырокі выбар напрамкаў дзейнасці ў межах конкурсу дае моладзі вялікія магчымасці для прапановы сваіх новых рацыяналізатарскіх ідэй і, несумненна, спрыяе іх асабістаму і прафесійнаму росту.

Пераможцам конкурсу інавацыйных і рацыяналізатарскіх ідэй і праектаў у 2019 годзе рашэннем экспертнай камісіі стаў інжынер-канструктар 2 катэгорыі ўпраўлення галоўнага канструктара навукова-тэхнічнага цэнтра Аляксей Воранаў. Яго праект прызнаны самай перспектыўнай распрацоўкай у намінацыі «Старт інавацый».

Удзельніку конкурсу «Маладзёжны патэнцыял – інавацыйнаму развіццю БЕЛАЗа» Аляксею Воранаву ўручае дыплом пераможцы намеснік генеральнага дырэктара Станіслаў Якубовіч

– Разлік франтальнага пагрузчыка на ўстойлівасць раней займаў шмат часу, і я вырашыў спрасціць працу, распрацаваўшы методыку аўтаматызаванага разліку для доследнага пагрузчыка БЕЛАЗ-78240. Узяў падручнікі, кнігі, сабраў формулы і звёў усё ў адну праграму, якая пасля ўводу зыходных дадзеных з мінімальнымі рызыкамі і без удзелу чалавека робіць разлікі і аўтаматычна выдае ўсе неабходныя паказчыкі. Гэта значыць чалавечы фактар тут зведзены да мінімуму ў плане дапушчэння памылкі ў той ці іншай формуле. Зараз гэтая праца займае літаральна паўгадзіны замест цэлага працоўнага дня, – распавёў Аляксей Воранаў..

Прызёрам конкурсу ў намінацыі «Старт інавацый» стаў яшчэ адзін інжынер-канструктар УГК НТЦ Назар Казюка.

Спецыяльнымі дыпломамі за ўдзел у конкурсе «Маладзёжны патэнцыял – інавацыйнаму развіццю БЕЛАЗа – 2019» узнагароджаны інжынер-праграміст УГК НТЦ Вадзім Міхан у намінацыі «Сацыяльна-эканамічнае развіццё», інжынер-канструктар УГК НТЦ Уладзіслаў Макоўскі (на здымку справа) у намінацыі «Супрацоўніцтва» і інжынер-тэхнолаг кіравання інфармацыйных сістэм Іван Касалапаў (на здымку злева) у намінацыі «Інавацыі і рацыяналізацыя ў вытворчасці».