0%

Першы квартал года: рост па асноўных эканамічных паказчыках

14 апреля 2021

Новости

На прадпрыемствах холдынга «БЕЛАЗ-ХОЛДЫНГ» у першыя тры месяцы 2021 года адзначаецца рост аб'ёмаў вытворчасці, рэалізацыі і экспарту прадукцыі.

ААТ «БЕЛАЗ»: дынаміка сакавіка

У сакавіку, як і ў папярэдніх месяцах першага квартала 2021 года ў паказчыках вытворчасці прамысловай прадукцыі і знешнеэканамічнай дзейнасці ААТ «БЕЛАЗ» (Беларускі аўтамабільны завод разам з філіяламі) назіраецца станоўчая дынаміка. 169,2 % склаў тэмп росту вытворчасці (у дзеючых цэнах да аналагічнага перыяду 2020-га), а па ІФА (індэксе фактычнага аб'ёму) – 149,6 %. На знешнія рынкі Беларускі аўтамабільны завод паставіў 93,4 % ад агульнага аб'ёму вырабленай тэхнікі і запасных частак (тэмп росту экспарту – 142 % да аналагічнага перыяду мінулага года). Пры гэтым доля самага ёмістага з традыцыйных рынкаў кампаніі – расійскага – у агульнай сакавіцкай адгрузцы склала 89,1 % (тэмп росту – 308,1 %).

За першы месяц вясны прадукцыя БЕЛАЗа адпраўлена ў 10 краін свету, чатыры з якіх – у далёкім замежжы (Індыя, Кітай, ПАР і Польшча). У сакавіку заводам адгружаны 62 адзінкі тэхнікі: 57 кар'ерных самазвалаў «БЕЛАЗ» грузападымальнасцю ад 30 да 220 тон, дзве адзінкі спецтэхнікі – паліваарашальная машына і шлакавоз, а таксама два шахтавыя самазвалы і пагрузачна-даставачная машына маркі «МаАЗ».

«БЕЛАЗ-ХОЛДЫНГ»: вынікі квартала

З пачатку бягучага года асобныя прадпрыемствы холдынга планамерна нарошчвалі аб'ёмы вырабленай прадукцыі і актыўна яе адгружалі.

Тэмп росту вытворчасці ў дзеючых цэнах да аналагічнага перыяду 2020-га па ААТ «Крановы завод» склаў 129,4 %, СТАА «БЕЛТРЫБА» – 126,7 %, філіялу ААТ «БЕЛАЗ» – СВК «Першамайскі» – 146,5 %, ААТ «Завод ПАК» – 100,9 %. Найбольшае ж павелічэнне (160,8 %) з пачатку года дэманструе галаўное прадпрыемства холдынга – Беларускі аўтамабільны завод. Вынікаючы з прадуманай маркетынгавай стратэгіі, ААТ «БЕЛАЗ» дасягнуў у першым квартале добрых паказчыкаў у рэалізацыі і экспарце прадукцыі ў параўнанні з аналагічным перыядам 2020-га: тэмп росту продажаў наблізіўся да 153 %, пры гэтым за межы краіны ён склаў амаль 168 %.

Рост аб'ёмаў вытворчасці на прадпрыемствах холдынга (студзень – сакавік 2021 года)

Значная доля тэхнікі гандлёвых марак «БЕЛАЗ» і «МаАЗ» адгружана ў Расійскую Федэрацыю. Варта таксама адзначыць пастаўкі кар'ерных самазвалаў і спецтэхнікі ва Узбекістан, Казахстан, Украіну, Польшчу, Боснію і Герцагавіну, Беларусь і іншыя краіны.

У гарнякоў у першым квартале гэтага года самымі запатрабаванымі сталі 220–240-тонныя самазвалы «БЕЛАЗ» – 28 % ад агульнага аб'ёму адгрузкі. У тройцы лідараў таксама 110–130-тоннікі (27 %) і 55–60-тоннікі (11 %).

Класы грузападымальнасці кар'ерных самазвалаў «БЕЛАЗ», якія лідзіруюць у агульным аб'ёме адгрузкі тэхнікі ў студзені – сакавіку 2021 года.

У цэлым БЕЛАЗ-ХОЛДЫНГ завяршыў квартал з наступнымі тэмпамі росту па асноўных паказчыках: вытворчасць прадукцыі (у дзеючых цэнах) – 124,3 %, рэалізацыя – 145,5 %, экспарт – 171,8 %.

З'яўляючыся адным з вядучых экспарцёраў Беларусі, БЕЛАЗ сёння прапануе здабыўным кампаніям найшырэйшы мадэльны шэраг кар'ерных самазвалаў сярод усіх сусветных вытворцаў. Вялікагрузная тэхніка новага пакалення дазваляе нашым партнёрам больш эфектыўна выбудоўваць бізнес-працэсы, клапоцячыся пры гэтым пра бяспеку, эканамічнасць і экалагічнасць работ у месцах эксплуатацыі.