12 марта 2021
Новости
Два новыя кар’ерныя самазвалы «БЕЛАЗ» грузападымальнасцю 240 тон прыступаюць да працы на тэхналагічных дарогах жалезаруднага кар’ера Стойленскага ГАКа, які ўваходзіць у Групу НЛМК.

Самазвалы серыі БЕЛАЗ-7531, якія папоўнілі аўтапарк Стойленскага горна-абагачальнага камбіната (г. Стары Аскол, Белгародская вобласць, Расійская Федэрацыя), адмыслова адаптаваныя для складаных горна-геалагічных умоў аднаго з самых буйных радовішчаў Курскай магнітнай анамаліі. У новых «БЕЛАЗах», якія маюць высокія тэхнічныя характарыстыкі і пашыраны функцыянал, улічаны ўсе канструктыўныя прапановы спецыялістаў СГАКа.
У прыватнасці, удасканаленні закранулі эксплуатацыю шын: сістэма кантролю ціску ў шынах дазваляе адсочваць іх тэмпературу і трымаць аднолькавы ціск у спараных задніх шынах, што зніжае інтэнсіўнасць зносу колаў. Унесены змены ў сістэму выпуску выхлапных газаў, што палягчае працу рухавіка самазвала і скарачае выдатак паліва.

Для бяспекі і выгоды белазістаў 240-тоннікі абсталяваны дыяганальнай лесвіцай з адкідной аўтаматычнай прыступкай, сістэмамі кантролю стомленасці вадзіцеля і відэаназірання, задачай якога з’яўляецца маніторынг сітуацыі на дарозе і кантроль за маніпуляцыямі аператара «БЕЛАЗа».
Удасканалена і абсталяванне вадзіцельскай кабіны, якая забяспечаная сістэмай клімат-кантролю, сядзеннем з трохкропкавымі рамянямі бяспекі і сістэмай кругавога агляду пры руху машыны заднім ходам. На палубе самазвала ўстаноўлена трохсекцыйнае лічбавае табло, дзе адлюстроўваецца загрузка ў тонах, што дазваляе дэталёва кантраляваць пагрузку горнай масы.
Па меркаваннях стойленцаў, 240-тоннікі дазволяць паменшыць трафік тэхнікі на тэхналагічных лініях кар’ера і павысіць прадукцыйнасць працы, бо аб’ём перавозак у суткі адным самазвалам у сярэднім складае 10–11 тысяч тон горнай пароды.


Усяго ў кар’еры Стойленскага ГАКа на здабычы руды цяпер задзейнічаны 32 кар’ерныя самазвалы «БЕЛАЗ» грузападымальнасцю 130–136 тон, а таксама тры 220-тонныя і чатыры 240-тонныя беларускія волаты.
Дзякуючы вялікаму набытаму вопыту навукова-даследчай і канструктарскай працы, а таксама цеснаму супрацоўніцтву з партнёрамі спецыялісты БЕЛАЗа распрацоўваюць і вырабляюць сучасную высокаэфектыўную тэхніку, адаптаваную для канкрэтных горнагеалагічных і горнатэхнічных умоў здабычы карысных выкапняў, згодна з актуальнымі запытамі і пажаданнямі спажыўцоў.
навіны: