13 мая 2020
Новости
Аршанскі завод прыбораў аўтаматычнага кантролю, які ўваходзіць у склад холдынгу «БЕЛАЗ-ХОЛДЫНГ», сумесна з навукоўцамі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі рэалізуе праект па вытворчасці і ўкараненні модульных станцый па ачыстцы пітной вады ад пабочных прымесяў і павышанага ўтрымання жалеза.
Дзяржаўнай праграмай «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» (падпраграма «Чыстая вада») прадугледжана, што ў бліжэйшыя пяць гадоў па ўсёй краіне будуць усталяваны 1 400 станцый абезжалезвання, каб кожны беларус мог атрымліваць з-пад крана якасную чыстую Н2О. У гэтай важнай дзяржпраграме прымае ўдзел і аршанскае прадпрыемства.
Тыпавая модульная станцыя абезжалезвання ФТТ МБС-100 вытворчасці ААТ «Завод ПАК» прызначана для ачысткі вады з падземных крыніц ад раствораных у ёй прымесяў (жалеза, марганец, мутнасць, каляровасць, пах і інш.) да нормаў СанПіН РБ.
Станцыя падключаецца як да новых, так і да ўжо існуючых сістэм водазабеспячэння: воданапорных веж, рэзервуараў чыстай вады ці вадаправодных сетак населеных пунктаў. У яе модуль уладкавана абсталяванне для падачы і ачысткі вады, сістэма кіравання і перадачы дадзеных, а таксама іншае спадарожнае абсталяванне.
Тэхналогія водаачысткі забяспечвае стабільную якасную ачыстку вады ад жалеза з выкарыстаннем аднакамерных напорных фільтраў у адну стадыю. Унутры модуля падтрымліваецца пэўны мікраклімат: тэмпература і вільготнасць. Пры гэтым станцыя вырабляецца ў двух варыянтах прадукцыйнасці – 40–100 м³/суткі (1,6–4,1 м³/гадзіну) і 100–240 м³/суткі (4,2–10,0 м³/гадзіну).
Вонкава ўстаноўка ўяўляе сабой металічны блок-кантэйнер з памерамі 2,5х2,4х4,3 м і ўцепленымі сценамі з дзесяцісантыметровых «сэндвіч-панэляў». Станцыя ўкамплектавана асвятленнем, ацяпленнем, вентыляцыяй, датчыкам вільготнасці, уводнай размеркавальнай прыладай і шафай кіравання з мадэмам, дзякуючы чаму праца комплексу цалкам аўтаматызавана з перадачай дадзеных на дыспетчарскі пункт. Эксплуатацыя станцыі прадугледжана нават пры самых экстрэмальных тэмпературах – ад мінус 35 ºС да плюс 45 ºС.
«Нашы станцыі ўнікальныя тым, што пры іх вытворчасці выкарыстоўваюцца толькі якасныя матэрыялы і ўжываецца самая сучасная тэхналогія ачысткі. Абсталяванне вырабляецца з нержавеючай сталі харчовага прызначэння, што вельмі важна для выканання санітарных нормаў і забеспячэння гарантый бяспекі насельніцтва. Тэхналогія ачысткі прадугледжвае спрошчаную аэрацыю для акіслення жалеза без прымянення рэагентаў і толькі прыродныя матэрыялы (кварцавы пясок) для фільтрацыі. Пры гэтым меркаваны тэрмін службы станцыі 30–50 гадоў», – падкрэслівае дырэктар завода ПАК Генадзь Дубоўскі.
Станцыя працуе аўтаномна з поўнай аўтаматызацыяй тэхналагічных працэсаў і не прадугледжвае наяўнасць пастаяннага персаналу. Кантраляваць яе працу спецыялісты могуць аддалена – у анлайн-рэжыме з дапамогай звычайнага смартфона.
Доследны ўзор станцыі абезжалезвання ФТТ МБС-100 усталяваны на водазаборы Заслаўя. У працэсе эксплуатацыі комплекс выдатна зарэкамендаваў сябе ў працы, а адфільтраваная вада адпавядае ўсім патрабаванням. Тым часам першыя пяць такіх станцый ачысткі вады ўжо сабраны на заводзе ПАК, адна з іх рэалізавана спажыўцу.
Паралельна сумесна з навукоўцамі Акадэміі навук на прадпрыемстве працягваецца працэс удасканалення і дапрацоўкі станцыі ў адпаведнасці з актуальнымі запытамі і пажаданнямі спажыўцоў – гэта і ўльтрафіялетавае абеззаражванне вады, і распрацоўка дадатковага вузла абароны, і павелічэнне прадукцыйнасці станцыі да 600 м³/суткі і іншае.
навіны: