0%

Таццянін дзень адсвяткавалі разам з БЕЛАЗам

25 января 2020

Новости

25 студзеня блізкае знаёмства з сусветна вядомым брэндам Беларусі – БЕЛАЗам адбылося ў работнікаў Пухавіцкага міжраённага аддзялення «Энергазбыту» РУП «Мінскэнерга». Прыемным сюрпрызам для Мар’інагорскіх энергетыкаў стала акцыя да Таццянінага дня ад арганізатараў шырокай экскурсійнай праграмы на Беларускім аўтамабільным заводзе: асаблівай увагай карысталіся госці з выдатным імем – Таццяна.

Папулярнасць экскурсій на адзінае ў СНД прадпрыемства, якое выпускае кар’ерную тэхніку, з кожным годам расце сямімільнымі крокамі. З’яўляючыся фактычна першапраходцам у індустрыяльным турызме, БЕЛАЗ зацікаўлены ў кожным госцю, нязменна імкнецца здзівіць і пацешыць усіх сваіх наведвальнікаў нейкай разыначкай. Так, работнікам пухавіцкага «Энергазбыту» пашчасціла прыняць удзел у спецыяльнай святочнай акцыі з нагоды Таццянінага дня, але аб усім па парадку ...


Незвычайны экскурс па «залатому кальцу» славутасцяў беларускага машынабудаўнічага гіганта пачаўся для мар’інагорцаў з агляду экспанатаў калекцыі карпаратыўнага музея, прадоўжыўся прагулкай па плошчах вытворчасці звышцяжкіх машын і завяршыўся яркім фотосэтам на грандыёзнай выставе кар’ерных самазвалаў і спецтэхнікі.



Атрымаўшы ўяўленне пра маштабы вытворчасці і даведаўшыся, чым жыве сёння адзін з найбуйнейшых вытворцаў кар’ернай тэхнікі на планеце, энергетыкі пранікліся Белазаўскай атмасферай і стараліся нічога не пакінуць без увагі: фатаграфаваліся на фоне тэхнікі, задавалі пытанні і адначасова здзівіліся таму, якія намаганні трэба прыкласці, каб стварыць хаця б адну з гэтых велічных машын.

Ну а гучным заключным акордам візіту на БЕЛАЗ стала сяброўскае чаяванне з фірмовымі пірожнымі і цёплымі віншаваннямі ад белазаўцы з Таццяніным днём, які адзначаецца менавіта ў гэтую суботу. Усіх Таццян з ліку экскурсантаў у гэты дзень чакаў цудоўны сюрпрыз – памятныя прэзенты ад БЕЛАЗа.


– Вялікі дзякуй за падарункі і віншаванні, нечакана прыемна ўсё атрымалася! Такі цёплы прыём, выдатная экскурсія! Малайцы! – падзялілася эмоцыямі Таццяна Антановіч, інжынер МРА «Энергазбыт». – Я проста зачараваная БЕЛАЗам і вашымі велізарнымі машынамі, аж дух захоплівае! Ужывую іх бачылі ўпершыню, ды яшчэ так блізка. Маштабы прадпрыемства, сучасная зборачная вытворчасць ўражваюць. Свайму меншаму чатырохгадоваму сыну ўсё раскажу, пакажу фатаграфіі. Ён у мяне, напэўна, будучы механік або канструктар, вельмі ўжо тэхніку любіць. Абавязкова яшчэ раз прыедзем сюды, каб паказаць свайму малышу сапраўдныя «БЕЛАЗы». Росквіту вашаму заводу!

Прыемна здзіўленая такой увагай і віншаваннямі была і працаўніца даведачнага цэнтра абаненцкай групы МРА «Энергазбыт» Таццяна Грышчук:

– Вы такія прадбачлівыя: спецыяльна падрыхтавалі для нас смачныя пірожныя і сюрпрызы да Таццянінага дня, выдатна! І мне, і майму ўнуку запомніцца экскурсія. Музей у вас выдатны, яго экспанаты можна доўга вывучаць і разглядаць. Ну а кар’ерныя самазвалы – гэта нешта! Такі цуд тэхнікі трэба абавязкова пабачыць на свае вочы. Дарагога варта і магчымасць падняцца на палубу 450-тоннага волата. За гэта асобнае дзякуй!

Праект прамысловага турызму «БЕЛАЗ – брэнд Беларусі» стартаваў 15 ліпеня 2015 года. За гэты час пераадолена планка ў 100 тысяч наведвальнікаў з больш чым 30 краін свету. Прадпрыемства назапасіла сур’ёзны вопыт у сферы індустрыяльнага турызму, адшукаўшы той самы «ваў-эфект», які з поспехам працуе на імідж брэнда «БЕЛАЗ» і павышае цікавасць да прадукцыі завода. Адзін толькі той факт, што ў буйных тураператараў, якія займаюцца ўязным турызмам ў Беларусь, экскурсія на БЕЛАЗ абавязковая ў спісе прапаноў, ужо сам па сабе сведчыць пра многае. Замежныя і беларускія турысты з задавальненнем уключаюць візіт на радзіму мегасамазвалаў «БЕЛАЗ» у свае турыстычныя маршруты.