0%

Трэніроўка па муай-тай на 450-тонным «БЕЛАЗе»

5 ноября 2019

Новости

Удзельнікі чэмпіянату Еўропы па тайскім боксе (муай-тай) – жаночая і мужчынская зборныя Расіі – наведалі БЕЛАЗ перад пачаткам спаборніцтваў, якія праходзяць у мінскім Палацы спорту з 5 па 11 лістапада. У Беларусь прыехалі мацнейшыя байцы еўрапейскага кантынента з 36 краін.

Спартсмены воклічамі захаплення «сустрэлі» выстаўленую на дэманстрацыйнай пляцоўцы кар’ерную тэхніку «БЕЛАЗ», убачылі працэс зборкі самазвалаў на вытворчасці, азнаёміліся з гісторыяй і сённяшнім днём беларускага машынабудаўнічага гіганта ў завадскім музеі.


Палуба 450-тоннага кар’ернага самазвала на некалькі хвілін стала месцам размінкі членаў зборнай Расіі па тайскім боксе.

Іван Пятрэнка, член мужчынскай зборнай: «Уражваюць маштаб вытворчасці і тэхніка. Пра БЕЛАЗ ведаю яшчэ са школы, але пакуль не ўбачыш на свае вочы, не зазнаеш іх магутнасці. Беларусь для мяне і для многіх асацыіруецца з БЕЛАЗам».

Раман Насонаў, старэйшы трэнер жаночай зборнай Расіі: «Напярэдадні чэмпіяната вырашылі наведаць Беларускі аўтамабільны завод, таму што гэта брэнд Беларусі, яе візітоўная картка, адно з самых знакамітых у свеце прадпрыемстваў. Генеральны спонсар расійскай федэрацыі муай-тай – «Стройсервис», на прадпрыемствах якога працуюць вашы машыны, таму ўбачыць іх ужывую было вельмі цікава».

Генеральным спонсарам каманды з’яўляецца даўні партнёр БЕЛАЗа – ЗАТ «Стройсервис», адна з буйнейшых расійскіх кампаній па здабычы вугалю.

Шматлікія сэлфі і незабыўныя ўражанні, сувеніры з лагатыпам «БЕЛАЗ» – усё гэта надоўга застанецца ў памяці гасцей прадпрыемства і, несумненна, натхніць на высокія спартыўныя дасягненні.