0%

Упэўнены пачатак года, ці Драйверы росту экспарту

27 января 2021

Новости

Ва ўмовах насычэння і стагнацыі традыцыйных рынкаў збыту краін СНД у мінулым годзе адным з самых прыярытэтных напрамкаў развіцця ААТ «БЕЛАЗ» з'яўлялася геаграфічная дыверсіфікацыя экспартных паставак прадукцыі кампаніі.

Адгрузка франтальных пагрузчыкаў БЕЛАЗ-78221 у Алжыр

Адпаведная міжнародным патрабаванням высокатэхналагічная прадукцыя Беларускага аўтамабільнага завода працягвае зарабляць рэпутацыю ў розных кутках планеты. Па выніках 2020 года ўдзельная вага далёкага замежжа ў агульнай адгрузцы прадукцыі ААТ «БЕЛАЗ» склала 34 %, у той час як за 2019 год – толькі 7,7 %, а за апошнія 5 гадоў – у сярэднім 16 %. У мінулым годзе прадукцыя кампаніі пастаўлена ў 24 краіны свету, прычым 17 з іх – гэта дзяржавы далёкага замежжа, тэмп росту склаў 237,3 %.

У шырокай геаграфіі знешнеэканамічнага партнёрства БЕЛАЗа адзначым пастаўкі тэхнікі ў Алжыр (кар'ерныя самазвалы грузападымальнасцю 60 тон і 6 пагрузчыкаў), Польшчу (самазвалы ад 30 да 60 тон), Балгарыю (130-тоннікаў), Боснію і Герцагавіну (45-тоннікаў).

Самазвалы «БЕЛАЗ» паспяхова працуюць у пустыні Гобі ў Манголіі

Сур'ёзны рост экспарту ў мінулым годзе назіраўся ў Манголію (самазвалы грузападымальнасцю 110–130 тон, бульдозеры, пагрузчыкі, паліваарашальныя машыны), тэмп росту склаў звыш 118 % да ўзроўню 2019 года. У лістападзе 2020-га скончылася выкананне ў частцы адгрузкі самага буйнога кантракту на пастаўку тэхнікі ў Індыю, куды адпраўлена 77 самазвалаў грузападымальнасцю 130 тон і запчастак да іх.

240-тонныя «БЕЛАЗы» ў кар'еры Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі

Пасля шасцігадовага перапынку аднавіліся пастаўкі кар'ернай тэхнікі ў ПАР (туды адправіліся 240-тонныя БЕЛАЗ-75311). Вылучаецца таксама па выніках 2020 года і адгрузка тэхнікі ва Узбекістан, куды дзякуючы праекту па пашырэнні Алмалыкскага ГАКа рэалізаваны самазвалы грузападымальнасцю ад 55 да 240 тон, рост каля 140 % да ўзроўню 2019 года.

Лідзіруючае месца ў агульным аб'ёме адгрузкі-2020 занялі кар'ерныя самазвалы грузападымальнасцю 110–130 тон і 220–240 тон.

У адпаведнасці з заданнем Міністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь на 2021 год экспарт ААТ «БЕЛАЗ» запланаваны ў аб'ёме 482 млн долараў ЗША, тэмп росту – 124,7 %. Пры гэтым чакаецца рост аб'ёму адгрузкі ў Расію практычна ў два разы – на 198,2 %, у краіны СНД (Арменію, Казахстан, Узбекістан, Украіну). Намечаны рост экспарту ў краіны Еўрасаюза на ўзроўні 126,8 % і падтрыманне на высокім узроўні адгрузкі ў краіны далёкай дугі.

У межах актыўнай кампаніі па выхадзе і замацаванні на новых рынках збыту спецыялістамі БЕЛАЗа праводзіцца інтэнсіўная работа па пошуку дадатковых магчымасцяў для павелічэння продажаў прадукцыі па ўсім свеце, а таксама падбор надзейных партнёраў, здольных забяспечыць прасоўванне тэхнікі «БЕЛАЗ» у Еўропе, Азіі, Амерыцы, Афрыцы.

Найбольш сур'ёзны патэнцыял маюць рынкі кар'ернай тэхнікі Інданэзіі, Чылі, Балгарыі, Польшчы, Босніі і Герцагавіны, Сербіі, Індыі, Кітая, Анголы, Зімбабвэ, ПАР, куды сёлета плануюцца значныя аб'ёмы паставак белазаўскай прадукцыі. У выніку чаканая доля краін далёкага замежжа ў агульным аб'ёме рэалізацыі ў 2021 годзе павінна скласці каля 22 %. Каля 30 млн долараў складзе адгрузка прадукцыі на ўнутраны рынак Рэспублікі Беларусь.

– Год мы пачынаем вельмі ўпэўнена, – адзначае першы намеснік дырэктара маркетынг-цэнтра ААТ «БЕЛАЗ» Васіль Шостак. – План вытворчасці кар'ернай тэхнікі сфарміраваны і зацверджаны па люты ўключна. Усе дамоўленасці альбо ўжо пацверджаны спажыўцамі, альбо знаходзяцца на фінальнай стадыі ўзгаднення. І ўжо відавочна, што першыя месяцы года мы будзем прырастаць у параўнанні з аналагічным перыядам 2020 года. У студзені экспарт прадукцыі ААТ «БЕЛАЗ» у Расію, Узбекістан, Украіну і Манголію складзе больш за 35 млн долараў. У цэлым жа на першы квартал гэтага года экспарт запланаваны ў аб'ёме звыш 87 млн долараў (тэмп росту 100,5 %).

Галоўныя канкурэнтныя перавагі БЕЛАЗ – гэта кошт валодання тэхнікай і кошт выкананых работ. Па такіх параметрах, як тона-кіламетр ці ўдзельны куб, у «БЕЛАЗа» практычна няма канкурэнтаў. Акрамя гэтага, самая шырокая на сённяшні дзень лінейка кар'ернай тэхнікі па грузападымальнасці і гібкасць БЕЛАЗа ў плане камплектацыі тэхнікі дазваляюць спажыўцам выбраць аптымальную канфігурацыю машын пад канкрэтныя ўмовы эксплуатацыі. Адпаведна і цэнавы дыяпазон кар'ернай тэхнікі «БЕЛАЗ» таксама даволі варыятыўны і прывабны.