0%

Вугальнаму гіганту Кузбаса разрэзу «Чарнігавец» – 55 гадоў!

29 декабря 2020

Новости

Сёння, 29 снежня, 55-гадовы юбілей адзначае адно з найбуйнейшых і найстарэйшых вугальных прадпрыемстваў Кузбаса – разрэз «Чарнігавец» АТ ХК «СДС-Вугаль». За доўгія гады цеснага партнёрства з БЕЛАЗам на вугальным гіганце назапашаны каласальны вопыт эксплуатацыі беларускай кар'ернай тэхнікі.

Горна-геалагічныя ўмовы разрэза дазваляюць цяжкай кар'ернай тэхніцы разгарнуцца тут, што называецца, ва ўсю сваю сілу і моц. Горныя работы вядуцца на глыбіні каля 300 м ад паверхні, а плошча, што займае разрэз, складае каля 30 кв. км. Пры гэтым на ўсіх паверхневых і тэхналагічных дарогах «Чарнігаўца» працягласцю больш за 170 км працуюць кар'ерныя самазвалы «БЕЛАЗ» самай шырокай лінейкі грузападымальнасці, пачынаючы ад 45 тон і заканчваючы 450-тонным волатам БЕЛАЗ-75710, рэкардсменам Кнігі рэкордаў Гінеса.

Першы ўзор самага вялікага самазвала ў свеце быў накіраваны на доследна-прамысловыя выпрабаванні ў Кемераўскую вобласць зусім не выпадкова. Беларускі аўтамабільны завод – надзейны партнёр кампаніі «СДС-Вугаль», а разрэз «Чарнігавец» не толькі найбуйнейшы спажывец тэхнікі «БЕЛАЗ», але і важны эксперыментальны палігон для ўкаранення перадавой горнай тэхнікі. За апошнія дзесяцігоддзі тут паспяхова прайшлі выпрабаванні больш за дзясятак мадыфікацый кар'ерных самазвалаў «БЕЛАЗ» грузападымальнасцю ад 130 да 360 тон.

Сёння АТ «Чарнігавец» – гэта адно з самых стабільных і высокатэхналагічных прадпрыемстваў Расіі, якое вядзе здабычу і перапрацоўку высакаякаснага энергетычнага і каксаўнога вугалю. Запасы, якія падлягаюць адпрацоўцы адкрытым спосабам, складаюць 220 млн тон, што дазволіць прадпрыемству здабываць «чорнае золата» яшчэ не менш за 30 гадоў. 26 снежня калектыў АТ «Чарнігавец» датэрмінова выканаў гадавы план, здабыўшы ў адыходзячым годзе 6 млн тон вугалю.

Віншуем нашых сяброў-партнёраў з пераадоленнем новай мяжы ў слаўнай гісторыі разрэза «Чарнігавец». Жадаем працвітання, стабільнага росту і вялікіх здзяйсненняў. Мы высока цэнім нашы сяброўскія і дзелавыя адносіны і шчыра разлічваем на іх паспяховы працяг!