0%

Выпрабаванні «БЕЛАЗаў» на газадызелі пачаліся ў Мурманскай вобласці

30 ноября 2020

Новости

Доследна-прамысловыя выпрабаванні двух кар’ерных самазвалаў БЕЛАЗ-75131, якія працуюць у газадызельным рэжыме, пачаліся на Усходнім рудніку Кіраўскага філіяла АТ «Апатыт» (група «ФосАгра»).

На новым модульным заправачным комплексе Усходняга рудніка «БЕЛАЗы» запраўляюцца як звадкаваным метанам, так і дызельным палівам.

Праект па пераводзе кар’ернай тэхнікі на газадызельны рэжым прадугледжаны дзеючым двухбаковым пагадненнем БЕЛАЗа і КФ АТ «Апатыт» па пастаўцы ў Хібіны буйной партыі беларускіх кар’ернікаў грузападымальнасцю 136 і 180 тон. Рэалізацыя гэтага праекта накіравана на аптымізацыю вытворчых выдаткаў АТ «Апатыт».

Прапарцыянальнае замяшчэнне аднаго віду паліва другім у залежнасці ад колькасці абаротаў рухавіка дазволіць без пагаршэння тэхнічных характарыстык замясціць да 40 % дызпаліва на газ, што ў цэлым прывядзе да зніжэння сабекошту адкрытых горных работ. Як вынік, не менш чым на 20 % скароціцца колькасць шкодных выкідаў у атмасферу і ўзровень загазаванасці кар’ераў.

– На «БЕЛАЗе» ўсталявалі па дзве ёмістасці аб’ёмам 850 і 500 літраў і абсталяванне кіравання рухавіком унутранага згарання: электрычны блок, фарсункі, датчыкі, індыкатары, паліўныя шлангі. Электроніка ўлічвае працу рухавіка, выбіраючы найбольш аптымальныя паліўныя рэжымы для пэўных умоў, – тлумачыць галоўны інжынер Усходняга рудніка Арцём Губа.

Восем аператараў пераабсталяваных «БЕЛАЗаў» прайшлі тэарэтычную і практычную падрыхтоўку для працы з машынамі на альтэрнатыўным паліве. А на рудніку падыходзіць да канца ўзвядзенне комплексу мабільнага крыягеннага запраўшчыка кантэйнернага тыпу па прыёме, захоўванні і запраўцы газам кар’ерных самазвалаў «БЕЛАЗ» і інфраструктуры, якая дазваляе бяспечна выконваць работу па пераліве ЗПГ з перасовачных цыстэрнаў у назапашвальную стацыянарную ёмістасць.

Доследна-прамысловыя выпрабаванні на рудніку ў Хібінах толькі пачаліся, тым не менш ужо ёсць паспяховыя прыклады, калі «БЕЛАЗ» адпрацаваў поўную 12-гадзінную змену ў газадызельным рэжыме.

БЕЛАЗ сумесна з расійскімі партнёрамі працягвае рэалізацыю перспектыўных праектаў у сегменце кар’ернай тэхнікі на газаматорным паліве, задавальняючы цікавасць горназдабываючых кампаній да пераводу транспарту на альтэрнатыўнае экалагічна чыстае паліва.

Фото hibiny.com, со страницы «Рабочее время / Апатит» ВКонтакте