0%

З работнікамі БЕЛАЗа сустрэўся кіраўнік прыродаахоўнага ведамства Беларусі

7 августа 2020

Новости

7 жніўня Беларускі аўтамабільны завод з рабочым візітам наведаў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Андрэй Худык. Ён азнаёміўся з вытворчасцю, умовамі працы, перспектывамі развіцця прадпрыемства і пагутарыў з прадстаўнікамі калектыву.

Генеральны канструктар – начальнік навукова-тэхнічнага цэнтра ААТ «БЕЛАЗ» Алег Сцяпук праінфармаваў Андрэя Худыка аб бягучых выніках працы прадпрыемства.

Аглядаючы завадскі музей і наведваючы вытворчасць звышцяжкіх машын, міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя цікавіўся прыродаахоўнымі тэхналогіямі, што ўкараняюцца на БЕЛАЗе, экалагічнымі фактарамі вытворчай дзейнасці і прадукцыяй прадпрыемства.

У ходзе візіту Андрэй Худык адзначыў, што любая вытворчасць у наш час павінна быць не толькі эканамічна выгаднай, але і экалагічна бяспечнай. Рацыянальнае выкарыстанне электрычнай і цеплавой энергіі, прымяненне энергазберагальных тэхналогій – гэта не толькі станоўчае ўздзеянне на навакольнае асяроддзе, але і відавочная карысць для прадпрыемства ў эканамічным аспекце.

Развіваючыся ў рэчышчы сусветных тэндэнцый, БЕЛАЗ імкнецца павышаць эфектыўнасць, зніжаць эксплуатацыйныя выдаткі, паляпшаць бяспеку і экалагічнасць кар’ернай тэхнікі. Алег Сцяпук расказаў кіраўніку прыродаахоўнага ведамства аб экалагічных аспектах вытворчасці тэхнікі «БЕЛАЗ», пра ўкараненне сучасных экалагічных стандартаў, «зялёных тэхналогій» і глабальным трэндзе машынабудавання – пераходзе на альтэрнатыўныя крыніцы энергіі ў кар’ернай тэхніцы.

Падчас канструктыўнага дыялогу з работнікамі БЕЛАЗа міністр высока ацаніў работу калектыву і навукова-тэхнічны патэнцыял лідара айчыннага машынабудавання.

– Раней мне не даводзілася бываць на БЕЛАЗе, таму я рады пазнаёміцца з адным з брэндаў Беларусі, унікальным прадпрыемствам, вядомым не толькі на постсавецкай прасторы, але і ва ўсім свеце, – сказаў Андрэй Паўлавіч. – Прызнаюся, я ў захапленнi ад ўбачанага ў цэхах завода. Дзякуючы зладжанай працы вашага калектыву, працы некалькіх пакаленняў высакакласных спецыялістаў, цэлых працоўных дынастый, вам удалося захаваць унікальную вытворчасць і вывесці БЕЛАЗ на сусветны ўзровень.

Андрэй Худык адзначыў, што задачы па ахове навакольнага асяроддзя і рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў у нашай краіне інтэграваныя ў дзяржаўныя праграмы і нацыянальныя планы. На думку кіраўніка прыродаахоўнага ведамства, неабходна больш шырока выкарыстоўваць той вялікі рэсурсны патэнцыял, якім валодае Беларусь.