0%

БЕЛАЗ – Вялікабрытанія: межы ўзаемных інтарэсаў

4 марта 2020

Новости

Выкарыстанне альтэрнатыўных крыніц энергіі ў машынабудаванні, стварэнне экалагічнай і эканамічнай тэхнікі, якая працуе на газаматорным паліве, электрычнасці і акумулятарных батарэях – гэтыя і іншыя пытанні абмяркоўваліся падчас візіту на Беларускі аўтамабільны завод прадстаўнікоў гандлёвай місіі брытанскіх кампаній у нашай краіне, універсітэта Кавентры і Пасольства Вялікабрытаніі ў Рэспубліцы Беларусь.

Перш чым сесці за стол перамоваў, брытанцы пабывалі там, дзе гаворыць сама гісторыя, і азнаёміліся з музейнай экспазіцыяй прадпрыемства. Затым госці ацанілі навукова-тэхнічны патэнцыял БЕЛАЗа і маштабы вытворчасці беларускіх велікагрузаў, на свае вочы паназіраўшы за працэсам зборкі кар’ерных самазвалаў у цэхах.

Брытанскія бізнесмены цікавіліся спосабам адгрузкі такіх велізарных машын спажыўцам, геаграфіяй продажаў, працэсам навучання і павышэння кваліфікацыі работнікаў, а таксама перспектыўнымі напрамкамі і прынцыпова новымі напрацоўкамі БЕЛАЗа, якія будуць запатрабаваныя ў найбліжэйшай будучыні для стварэння канкурэнтаздольнай кар’ернай тэхнікі.

Падчас перамоваў па пытаннях развіцця і паглыблення шматпланавых двухбаковых сувязей абмяркоўваўся вопыт узаемадзеяння БЕЛАЗа з навуковай супольнасцю і вышэйшымі навучальнымі ўстановамі ў сферы стварэння экалагічнай і эканамічнай прадукцыі. Па словах брытанскіх бізнесменаў, у горназдабываючай і будаўнічай галінах Вялікабрытаніі цяпер высокі попыт на цяжкую тэхніку з мінімальнымі выкідамі вугляроду ў атмасферу, якая працуе на электрычнасці, вадародзе і біяпаліве.

Спецыялісты БЕЛАЗа ў сваю чаргу расказалі гасцям пра свае інавацыйныя праекты. У прыватнасці, аб самазвалах на газавым паліве, якія вызначаюцца эканамічнасцю і экалагічнасцю. Гэта пацвярджаецца эксплуатацыйнымі выпрабаваннямі самазвала БЕЛАЗ-75476 з газапоршневым рухавіком. У бліжэйшых планах белазаўцаў таксама стварэнне кар’ернага самазвала грузападымальнасцю 136 тон з газапоршневым рухавіком на базе дызеля Cummins КТА 50-С. Яшчэ два перспектыўныя напрамкі ў рэчышчы сусветных тэндэнцый па выкарыстанні альтэрнатыўных крыніц энергіі ў кар’ернай тэхніцы – гэта дызель-тралейвозы і машыны на акумулятарных батарэях, праца над якімі вядзецца канструктарамі БЕЛАЗа.

Такім чынам, прадстаўнікі брытанскіх гандлёвых місій атрымалі агульнае ўяўленне пра вытворчыя і экспартныя магчымасці беларускага машынабудаўнічага гіганта, яго высокатэхналагічнай, навукаёмістай прадукцыі і зараз змогуць прэзентаваць патэнцыял БЕЛАЗа на брытанскім рынку. У канцы візіту бакі выказалі ўзаемную зацікаўленасць у сумеснай працы па паляпшэнні тэхналогій і гатоўнасць да ўзаемадзеяння.

Вялікабрытанія ўваходзіць у топ-3 партнёраў БЕЛАЗа па ўдзельнай вазе ў знешнегандлёвым абароце (экспарт + імпарт). У прыватнасці, шматгадовае плённае супрацоўніцтва звязвае наша прадпрыемства і сусветнага вытворцу рухавікоў Cummins Inc, вытворчыя магутнасці якога размешчаны ў Вялікабрытаніі.