0%

«БЕЛАЗы» серыі 7513 будуць працаваць у пустыні Гобі

24 августа 2020

Новости

ААТ «БЕЛАЗ» ажыццявіла адгрузку трох партый кар'ерных самазвалаў БЕЛАЗ-75135 у адрас кансорцыума па распрацоўцы вугальнага радовішча «Эрдэнэс Таван Толга», у які ўваходзяць кампаніі «Овоо Толга Рэсурс» і «Мангол Майнинг Эксплорэйшн».

130-тонныя «БЕЛАЗы», укамплектаваныя з улікам экстрэмальных кліматычных умоў пустыні Гобі, будуць працаваць на найбуйнейшым вугальным радовішчы Манголіі.

Вугальнае радовішча «Эрдэнэс Таван Толга» на поўдні пустыні Гобі з'яўляецца адным з найбуйнейшых па памеры запасаў у свеце (за 6,5 млрд тон вугалю, каля 40 % з якіх – высокакаларыйны кокс вугаль). У цяперашні час для кампаній, якія ўваходзяць у кансорцыум па распрацоўцы кар'ера, ужо пастаўлена 17 самазвалаў БЕЛАЗ-75135.

Новы імпульс у пастаўках кар'ернай тэхнікі «БЕЛАЗ» быў дадзены ў 2012 годзе, калі на мангольскім рынку інтарэсы Беларускага аўтамабільнага завода пачаў прадстаўляць новы дылер – кампанія UNITED BELAZ MACHINERY Co., Ltd. (UBM). Кампанія UBM не толькі ажыццяўляе пастаўку кар’ернай тэхнікі, але і забяспечвае поўны спектр паслуг для спажыўцоў кар’ернай тэхнікі «БЕЛАЗ»:
– зборку, наладку і ўвод у эксплуатацыю;
– сэрвісную падтрымку тэхнікі ў гарантыйны перыяд;
– тэхнічную падтрымку і пастаўку запасных частак у паслягарантыйны перыяд;
– заключэнне сэрвісных дагавораў на сэрвіснае абслугоўванне ў плыні жыццёвага цыкла вырабаў і іншыя паслугі.

Кампаніяй UBM на тэрыторыі Манголіі адкрыты сэрвісны цэнтр «БЕЛАЗ», які паспяхова прайшоў пераатэстацыю ў 2020 годзе. Тэрыторыя вытворчай базы UBM у г. Улан-Батар складае 2 289 м2 і знаходзіцца ў межах горада. Таксама ўведзеныя ў эксплуатацыю ўчасткі па рамонце генератараў і электраматораў ТЭП БЕЛАЗ (вытворчасці ТАА «Сибэлектропривод»), а таксама працуюць апорныя пункты ў месцах эксплуатацыі кар’ернай тэхнікі «БЕЛАЗ» і забяспечваюць 24/7 сэрвіс 365 дзён у годзе.

У цэлым мангольскія спажыўцы добра знаёмыя з брэндам «БЕЛАЗ», маюць вялікі вопыт эксплуатацыі і абслугоўвання нашых кар'ерных самазвалаў. Белазаўская тэхніка пастаўляецца ў Манголію з 70-х гадоў мінулага стагоддзя. Калі браць апошнія пяць гадоў, то пастаўкі ажыццяўляюцца штогод, прычым вялікімі партыямі (толькі ў мінулым годзе ў гэтую краіну пастаўлена 35 кар'ерных самазвалаў).

Тэхніка маркі «БЕЛАЗ» сёння – гэта надзейнасць, эканамічнасць і бяспека эксплуатацыі нават ва ўмовах капрызнага і непрадказальнага клімату пяскоў Гобі: узімку тэмпература там можа дасягаць мінус 55 па Цэльсіі, а летам падымацца да плюс 58.

У 130-тонніку БЕЛАЗ-75135 аптымальна спалучаюцца грузападымальнасць, высокая якасць выканання, прастата абслугоўвання і нізкі кошт выканання транспартных работ. Прыкмета нясхільнага характару гэтай машыны – 12-цыліндравы рухавік з поўнай магутнасцю 1200 конскіх сіл і аб'ёмам 38 літраў. Электрамеханічная трансмісія зменна-пастаяннага току з укаранёнымі ў апошні час ноу-хау: аўтаматычнай сістэмай кіравання ТЭП, электрычнымі кантактарамі, а таксама электроннай сістэмай дыягностыкі на базе электроннай панэлі прыбораў самазвала і шэрагам іншых інавацыйных распрацовак. Для запуску ў халодны перыяд часу самазвал камплектуецца перадпускавымі падагравацелямі рухавіка. Пнеўмагідраўлічная падвеска, гідрааб’ёмнае рулявое кіраванне забяспечваюць высокую плаўнасць ходу, манеўранасць і павышаны камфорт для вадзіцеляў машыны. Плюс да ўсяго ў БЕЛАЗ-75135 высокая ступень бяспекі за кошт камплектацыі шматкамернай сістэмай відэаагляду, аўтаматычнай сістэмай змазкі, сістэмай кантролю загрузкі і паліва, сістэмай ціску ў шынах. Утульная кабіна абсталяваная сучаснай сістэмай кандыцыяніравання.

У здабываючых кар'ерах Манголіі цяпер эксплуатуецца больш за 200 адзінак тэхнікі «БЕЛАЗ». Найбольш папулярныя ў мангольскіх спажыўцоў кар'ерныя самазвалы серыі БЕЛАЗ-7513. У цяперашні час вядуцца перамовы па пастаўцы яшчэ адной буйной партыі тэхнікі: самазвалаў БЕЛАЗ-75135, пагрузчыкаў БЕЛАЗ-78221, бульдозераў БЕЛАЗ-78231 і паліваарашальных машын БЕЛАЗ-76473 для абслугоўвання кар'ера.