Газадызельны «БЕЛАЗ» сустрэў у Кузбасе ўдзельнікаў аўтапрабегу тэхнікі на метане

29 сентября 2020

Новости

Удзельнікі трохтыднёвага аўтапрабегу аўтамабіляў на прыродным газе па гарадах Расіі «З Піцера ў Мірны» ацанілі перавагі газіфікацыі кар’ерных самазвалаў «БЕЛАЗ» у адным з пунктаў свайго працяглага маршруту – у паўднёвай сталіцы Кузбаса Новакузнецку.

130-тонны БЕЛАЗ-75131 з сертыфікаванай газадызельнай сістэмай ад Новакузнецкай кампаніі «Сібір-Энерга»

Новакузнецк, адзін з найбуйнейшых металургічных і вуглездабываючых цэнтраў Расіі, стаў 26-м горадам па шляху руху аўтакалоны. І сімвалічна, што менавіта тут, у Кемераўскай вобласці – другой радзіме «БЕЛАЗаў», удзельнікаў аўтапрабегу «З Піцера ў Мірны» сустракаў адзін з 130-тонных волатаў газадызельнага сямейства кар’ерных самазвалаў – БЕЛАЗ-75131.

– У цэнтры ўвагі нашага аўтапрабегу, у якім удзельнічаюць аўтобус, цягач і некалькі легкавых аўто, дэманстрацыя высокай экалагічнасці і эфектыўнасці выкарыстання прыроднага газу ў якасці маторнага паліва, а таксама надзейнасці і бяспекі тэхнікі на метане, – адзначыў адзін з удзельнікаў аўтапрабегу прадпрымальнік з Санкт-Пецярбурга Андрэй Ламагін.

БЕЛАЗ цяпер працуе над некалькімі прарыўнымі праектамі ў сегменце кар’ернай тэхнікі на газаматорным паліве, каб задаволіць цікавасць здабываючых кампаній да ўкаранення «зялёных тэхналогій» і пераходу на альтэрнатыўнае экалагічна чыстае паліва. У прыватнасці, адным з пладоў супрацоўніцтва ААТ «БЕЛАЗ» і новакузнецкай кампаніі «Сібір-Энерга» стала рэалізацыя праекта па пераводзе самазвалаў БЕЛАЗ-75131 грузападымальнасцю 130 тон на працу з выкарыстаннем звадкаванага прыроднага газу ў якасці маторнага паліва ў газадызельным рэжыме.

Газадызельны «БЕЛАЗ» лакальна далучыўся да аўтапрабегу аўтамабіляў на прыродным газе ў Новакузнецку

Распрацаваная і сертыфікаваная газадызельная сістэма дазваляе дамагчыся замяшчэння прыродным газам 35–40 % спажыванага дызельнага паліва ў залежнасці ад горна-тэхналагічных умоў радовішча, на якім эксплуатуецца кар’ерная тэхніка. На сённяшні дзень у групы кампаній-партнёраў ТАА «Сібір-Энерга» эксплуатуецца 42 газадызельныя 130-тонныя «БЕЛАЗы».

Выкарыстанне звадкаванага прыроднага газу ў якасці маторнага паліва для самазвалаў «БЕЛАЗ» дазваляе не толькі эканоміць сродкі, але і паляпшае экалагічную сітуацыю ў звычайна моцна загазаваных кар’ерах. Да таго ж менавіта кар’ерная тэхніка найбольш зручная для газіфікацыі, бо эксплуатуецца недалёка ад месца сваёй дыслакацыі і адна запраўка можа абслугоўваць ўвесь парк самазвалаў.

Аўтапрабег машын на прыродным газе «З Піцера ў Мірны», арганізаваны ўрадам Рэспублікі Саха (Якуція) і кампаніяй «АЛРОСА», за тры тыдні з 11 верасня па 2 кастрычніка ахопіць 36 гарадоў у 20 рэгіёнах Расіі. Яго маршрут складзе больш за 8 тысяч кіламетраў.

Фота Нікіты Давыдзенка