0%

На новым кар’еры ЕЎРАЗ КГАКа перавозіць роскрыў будуць 240-тонныя «БЕЛАЗы»

12 октября 2020

Новости

ЕЎРАЗ Качканарскі ГАК (Свярдлоўская вобласць, Расійская Федэрацыя) прыступае да распрацоўкі Уласна-Качканарскага радовішча жалезных тытанамагнетытавых руд. Перавозіць тоны роскрыву тут будзе даверана высокатэхналагічным 240-тонным кар’ерным самазвалам «БЕЛАЗ».

На новым радовішчы ўзведзена шырокая тэхналагічная дарога для «БЕЛАЗаў» працягласцю амаль 3 км.

Увод у прамысловую эксплуатацыю новага тытанамагнетытавага радовішча, размешчанага на схілах гары Качканар, па словах віцэ-прэзідэнта ЕЎРАЗ, кіраўніка дывізіёна «Урал» Дзяніса Наважэнава, прадугледжвае выкарыстанне перадавых тэхналогій і самага сучаснага горнага транспарту: кар’ерных экскаватараў з ёмістасцю каўша 20 кубічных метраў і магутных кар’ерных самазвалаў БЕЛАЗ-75313 грузападымальнасцю 240 тон.

Для вырашэння самых складаных вытворчых задач па транспарціроўцы роскрыву ў новым кар’еры качканарскія гарнякі мэтанакіравана зрабілі свой выбар на карысць беларускага брэнда кар’ернай тэхнікі. Бо першыя для гэтага ўральскага рэгіёну тры 240-тонныя «БЕЛАЗы» паспяхова зарэкамендавалі сябе на іншым кар’еры ЕЎРАЗ Качканарскага ГАКа з мінулага года, а яшчэ два кар’ернікі БЕЛАЗ-75313 папоўнілі парк горнага транспарту камбіната ў студзені 2020 года.

Спецыяльна для руху вялікагрузных «БЕЛАЗаў» на будучым кар’еры ЕЎРАЗ КГАКа пабудавана шырокая 32-метровая тэхналагічная дарога даўжынёй 2,8 кіламетра. Гарнякі пачалі падрыхтоўку трох першых уступаў будучага кар’ера, фармуюць заезды для кар’ерных самазвалаў на працоўныя пляцоўкі і завяршаюць будаўніцтва першага перагрузачнага пункта, на які 240-тоннікі «БЕЛАЗ» будуць дастаўляць пароду з забою. Чакаецца, што да 2024 года здабыча руды тут складзе 13 млн тон у год, а запасаў сыравіны хопіць больш чым на 100 гадоў.

Самазвал БЕЛАЗ-75313 – адна з белазаўскіх навінак у сваім класе грузападымальнасці. Гэтыя магутныя 240-тонныя машыны валодаюць пашыраным функцыяналам, паліўнай эканамічнасцю, высокай манеўранасцю, плаўнасцю ходу і ўстойлівасцю на дарозе. Інавацыйныя тэхнічныя рашэнні робяць самазвал надзейным, бяспечным і максімальна эфектыўным ў працы.

Фота pravdaurfo.ru