0%

Першыя 136-тонныя «БЕЛАЗы» адправіліся ў індыйскі вугальны кар'ер Gevra

20 августа 2020

Новости

Урачыстая цырымонія ўводу ў эксплуатацыю двух першых у вугальным кар’еры Gevra кар’ерных самазвалаў БЕЛАЗ-75137 грузападымальнасцю 136 тон была прымеркавана да Дня Незалежнасці Індыі, які адзначаўся 15 жніўня.

У рамках рэалізацыі кантракта на пастаўку 77 кар’ерных самазвалаў БЕЛАЗ-75137 у адрас буйной дзяржаўнай вуглездабываючай карпарацыі Coal India Limited, на долю якой прыпадае 81% вуглездабычы Індыі, спецыялістамі БЕЛАЗа былі сабраны два кар’ерныя самазвалы – шасі № 4024 і 4025. Гэтыя 136-тонныя машыны паспяхова прайшлі выпрабаванні, пацвердзіўшы заяўленую вытворцам грузападымальнасць.

Упрыгожаныя святочнай атрыбутыкай «БЕЛАЗы» былі прадстаўлены работнікам вугальнага разрэзу карпарацыі Coal India Limited падчас святкавання Дня Незалежнасці Індыі ў штаце Чхаттысгарха. Тут жа прайшла і цырымонія ўручэння дырэктару кар’ера Gevra сімвалічнага ключа ад першага 136-тоннага самазвала «БЕЛАЗ». Праз два дні, 17 жніўня, беларускія стальныя волаты адправіліся на месца працы.

Да канца жніўня яшчэ шэсць «БЕЛАЗаў» будуць перададзеныя індыйскаму спажыўцу для правядзення абкаткі і далейшай эксплуатацыі.

Падкрэслім, што кар’ерныя самазвалы БЕЛАЗ-75137 адаптаваныя пад трапічны клімат Цэнтральнай Індыі. Для камфорту аператара ў кабіне маецца кандыцыянер, сядзенне з інерцыйнымі рамянямі і святлодыёдным асвятленнем для зручнай працы ў начны час. У адпаведнасці са стандартам бяспекі ROPS «БЕЛАЗы» абсталяваныя ўзмоцненай рамай і каркасам. Знешняе лічбавае табло на борце 136-тоннай машыны выключае рызыку перегрузу. Самазвалы абсталяваныя бартавым камп’ютарам, надзейнай электронікай, цэнтралізаванымі сістэмамі змазкі і дыягностыкі, кантролю ціску ў шынах. Для бяспечнай працы прадугледжаны таксама камеры відэаагляду і аўтаматычная сістэма пажаратушэння.

З пачатку 2020 года БЕЛАЗ наладзіў знешнегандлёвыя адносіны з партнёрамі з 37 краін. Сярод дзяржаў далёкага замежжа ў гэтым плане асабліва вылучаецца Індыя. З 19,8 % яна займае другое месца пасля Расійскай Федэрацыі (44,7 %) у топ-5 партнёраў ААТ «БЕЛАЗ» па ўдзельнай вазе ў знешнегандлёвым абароце (экспарт + імпарт), апярэджваючы Манголію (7,6%), Украіну ( 6,7%) і Вялікабрытанію (4%).