0%

Першыя 45-тонныя «БЕЛАЗы» для залатаруднага радовішча «Сухі Лог»

7 сентября 2020

Новости

Шэсць першых кар’ерных самазвалаў БЕЛАЗ-7547 грузападымальнасцю 45 тон прыбудуць у верасні ва Усходнюю Сібір на новае радовішча золата «Сухі Лог» ТАА «СЛ Золата» – сумеснага прадпрыемства дзяржкарпарацыі «Растэх» і ПАО «Полюс» (Расійская Федэрацыя).

У Сібіры кар’ерныя самазвалы БЕЛАЗ-7547 будуць перавозіць горную масу ў адкрытым кар’еры па доследна-прамысловай распрацоўцы залатаруднага радовішча «Сухі Лог», якое размешчана ў Бадайбінскім раёне Іркуцкай вобласці.

Самазвалы БЕЛАЗ-7547 выраблены ў спецыяльным кліматычным выкананні і дадаткова забяспечаны опцыямі, заяўленымі ў тэхнічным заданні спажыўца, – усё гэта вельмі важна для працы ў экстрэмальных умовах, на якія багатая Сібір. Дастаткова сказаць, што для тутэйшых месцаў характэрная суровая працяглая зіма з маразамі да мінус 50 °С і кароткае спякотнае лета. Нават калі ідуць ліўні або бушуюць завеі, а дарога ператвараецца ў суцэльнае непраходнае, на першы погляд, месіва, адаптаваныя да такіх умоў 45-тонныя самазвалы «БЕЛАЗ» працягваюць працаваць.

Пастаўку, мантаж і ўвод тэхнікі ў эксплуатацыю будзе ажыццяўляць афіцыйны прадстаўнік ААТ «БЕЛАЗ» на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі – ТАА «БелТрансЛагістык».

Радовішча «Сухі Лог» з’яўляецца адным з найбуйнейшых незасвоеных радовішчаў золата ў свеце. Рэсурсы «Сухога Лога» складаюць 63 млн унцый золата (962 млн тон руды з утрыманнем золата 2,1 грама на тону).