БЕЛАЗ рэалізуе праекты газіфікацыі кар’ернай тэхнікі ў Хібінах і Мірным

2 ноября 2020

Новости

БЕЛАЗ сумесна з расійскімі партнёрамі працягвае рэалізацыю некалькіх прарыўных праектаў у сегменце кар’ернай тэхнікі на газаматорным паліве, задавальняючы цікавасць здабываючых кампаній да пераводу транспарту на альтэрнатыўнае экалагічна чыстае паліва.

Сумесная праца над газіфікацыяй кар’ернай тэхнікі «БЕЛАЗ» ажыццяўляецца па двух напрамках – газадызель і чысты газ. Так, выпрабаванні 45-тоннага самазвала БЕЛАЗ-75476 з газапоршневым рухавіком у бліжэйшы час будуць працягнутыя на Мірнінскім горна-абагачальным камбінаце найбуйнейшай алмазаздабываючай кампаніі ў свеце АК «АЛРОСА» (ПАО).

45-тонны кар’ерны самазвал «БЕЛАЗ» з газапоршневым рухавіком.

Пасля дзевяці месяцаў працы ў тэставым рэжыме ў кар’еры Ламаносаўскага ГАКа ПАТ «Севералмаз», даччынай кампаніі АЛРОСА ў Архангельскай вобласці, 45-тоннік працягне эксплуатацыйныя выпрабаванні ў алмазным краі ў Якуціі.

Для атрымання вынікаў працы асноўных вузлоў і агрэгатаў газавага самазвала «БЕЛАЗ» спецыялістамі Мірнінскага ГАКа падрыхтавана спецыяльная праграма тэставання, разлічаная яшчэ на дзевяць месяцаў.

– Асноўнае – гэта, вядома, атрымаць паказчыкі работы кар’ернага самазвала ў частцы грузаперавозак, а таксама па цыклах прастояў для запраўкі і рамонту, калі такі будзе мець месца, каб у цэлым ацаніць плюсы прымянення падобнага рашэння на нашай пляцоўцы. Мы можам забяспечыць магчымасць запраўкі газам як мінімум дзесяці такіх самазвалаў, – адзначыў Руслан Сізонаў, намеснік выканаўчага дырэктара АК «АЛРОСА».

Кампанія АЛРОСА вельмі зацікаўлена ў газаматорнай кар’ернай тэхніцы. Частка яе горнарудных запасаў знаходзіцца ў цяжкадаступнай мясцовасці, куды можна даставіць дызельнае паліва толькі ў перыяд навігацыі, таму яго завозяць адразу на год наперад. Пры гэтым побач размешчаны буйныя радовішчы прыроднага газу, якія вельмі лагічна выкарыстоўваць у якасці паліва, ды і ўсе разлікі паказваюць, што сабекошт газу ў разы ніжэйшы за кошт дызеля.

Тым часам у Мурманскай вобласці на Усходнім рудніку Кіраўскага філіяла АТ «Апатыт» (група «ФосАгра»), найбуйнейшага ў свеце прадпрыемства па вытворчасці высокагатунковай фасфатнай сыравіны, з удзелам БЕЛАЗа рэалізуецца праект па пераводзе кар’ернай тэхнікі на газадызельны рэжым. Праект прадугледжаны дзеючым двухбаковым пагадненнем па пастаўцы ў Хібіны буйной партыі беларускіх кар’ернікаў грузападымальнасцю 136 і 180 тон. Праект накіраваны на аптымізацыю вытворчых выдаткаў АТ «Апатыт» і зніжэнне сабекошту адкрытых горных работ.

На Кіраўскай пляцоўцы АТ «Апатыт» неўзабаве з’явіцца навінка – модульны заправачны комплекс па запраўцы самазвалаў «БЕЛАЗ» звадкаваным газам.

Звадкаваны прыродны газ (ЗПГ) будуць дастаўляць запраўшчыкам і захоўваць у рэзервуары модульнага комплексу, абсталяванага па апошнім слове тэхнікі. Запусціць комплекс у эксплуатацыю плануецца ўжо гэтай восенню. Пад запраўку ЗПГ ужо пераабсталяваны два кар’ерныя самазвалы «БЕЛАЗ». Наперадзе – доследна-прамысловыя выпрабаванні вялікагрузных машын.

Сёння звадкаваны газ – самая чыстая альтэрнатыва дызельнаму паліву. Выкарыстанне ЗПГ у якасці маторнага паліва для самазвалаў «БЕЛАЗ» дазваляе знізіць выдаткі на паліва і ў цэлым сабекошт адкрытых горных работ, істотна палепшыць экалагічную сітуацыю ў звычайна моцна загазаваных кар’ерах.

Усе найноўшыя распрацоўкі спецыялістаў БЕЛАЗа ў рэчышчы глабальных тэндэнцый па пераводзе транспарту на экалагічна чыстыя крыніцы энергіі праводзяцца на падставе маркетынгавых даследаванняў рынку і ў цесным супрацоўніцтве са спажыўцамі кар’ернай тэхнікі «БЕЛАЗ».