Інгулецкаму горна-абагачальнаму камбінату – 55 гадоў!

4 мая 2020

Новости

ПАТ «Інгулецкі горна-абагачальны камбінат» (Крывы Рог, Украіна), які ўваходзіць у склад горназдабываючага дывізіёна Групы Метінвест, адзначае 55-гадовы юбілей з дня заснавання. ААТ «БЕЛАЗ» звязвае з Інгулецкім ГАКам больш чым паўвекавое плённае ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва.

Роўна 55 гадоў таму, у 1965 годзе, ІнГАК вырабіў першую тону жалезнаруднага канцэнтрату. У гэты ж час у адрас горна-абагачальнага камбіната былі адгружаны 15 кар’ерных самазвалаў БЕЛАЗ-540, першых ва Украіне беларускіх волатаў. Гэтыя гістарычна важныя падзеі сталі пачаткам шляху прамысловых поспехаў камбіната.

Слаўная гісторыя Інгулецкага ГАКа і ў далейшым была непарыўна звязана з БЕЛАЗам. Многія інавацыі на камбінаце ўкараняліся сумесна са спецыялістамі завода. Цесныя партнёрскія адносіны прадпрыемстваў у апошнія дзесяцігоддзі выйшлі на новы ўзровень. Дасягаць самых высокіх вытворчых паказчыкаў крыварожскім гарнякам зараз дапамагае самая сучасная, надзейная і эканамічная кар’ерная тэхніка «БЕЛАЗ». Дзелавая сувязь работнікаў ІнГАКа з жодзінскімі машынабудаўнікамі за гэтыя гады перарасла ў сапраўднае сяброўства і даўнюю традыцыю сустрэч, зносін і супрацоўніцтва калектываў прадпрыемстваў.

У 2004 годзе ўпершыню ва Украіне на ІнГАКе былі ўведзены ў эксплуатацыю кар’ерныя самазвалы БЕЛАЗ-75131 грузападымальнасцю 130 тон. А ў 2014-м у рамках рэалізацыі інвестыцыйнай праграмы па развіцці вытворчасці парк тэхналагічнага транспарту камбіната папоўнілі 220-тонныя самазвалы БЕЛАЗ-75306.

Дарэчы, менавіта тут, у Інгулецкім ГАКе, склалася добрая традыцыя – даваць «БЕЛАЗам» імёны вядомых людзей, геаграфічных назваў і г.д.

Усе гэтыя гады БЕЛАЗ і ІнГАК ішлі плячо ў плячо, разам развіваліся, дабіваліся поспеху і ўдасканальваліся, што дазволіла кампаніям выйсці на новыя рубяжы і заняць трывалыя пазіцыі на сусветных рынках.

Урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя 55-годдзю ІнГАКа, перанесены з-за пандэміі, але, нягледзячы на гэта, па ініцыятыве генеральных дырэктараў ААТ «БЕЛАЗ» Пятра Пархомчыка і Інгулецкага ГАКа Аляксандра Герасімчука з захаваннем усіх эпідэміялагічных нормаў адбылося ўзнагароджанне каштоўнымі падарункамі ад Беларускага аўтамабільнага завода вядучых аператараў кар’ерных самазвалаў «БЕЛАЗ» цэха тэхналагічнага аўтатранспарту Інгулецкага камбіната.

Лепшымі з лепшых названы аператары «БЕЛАЗаў» Андрэй Гульцяеў, Віталь Курылец, Яўген Лысак, Роберт Боднар, Аляксандр Зотаў і Вадзім Кулібаба.

Сёння ІнГАК з’яўляецца адным з самых паспяховых прадпрыемстваў горна-металургічнага комплексу Украіны. Прадпрыемства спецыялізуецца на здабычы і перапрацоўцы жалезістых кварцытаў Інгулецкага радовішча, размешчанага ў паўднёвай частцы Крыварожскага жалезаруднага басейна. Гадавая вытворчая магутнасць прадпрыемства складае 15 млн тон жалезаруднага канцэнтрату. Парк цэха тэхналагічнага транспарту ІнГАКа ў цяперашні час уключае больш за 100 кар'ерных самазвалаў «БЕЛАЗ» грузападымальнасцю ад 30 да 220 тон і спецтэхнікі.

Жадаем ІнГАКу паспяховай і стабільнай працы.
Няхай новы этап гісторыі кампаніі будзе такім жа плённым!