7 мая 2020
Новости
12-кватэрны жылы дом для работнікаў свайго філіяла пабудаваў БЕЛАЗ у аграгарадку Слабада Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці. Уладальнікамі кватэр у новабудоўлі сталі працаўнікі сельскагаспадарчага вытворчага комплексу «Першамайскі» і члены іх сем’яў.
Увод у строй новага шматкватэрнага жылога дома – гэта знакавая падзея не толькі для саміх работнікаў філіяла БЕЛАЗа СВК «Першамайскі», але і для белазаўцаў, якія будавалі гэты сацыяльна значны аб’ект. Агульная плошча кватэр у новабудоўлі для 12 сем’яў аграрыяў складае 874,8 кв. м.
Ва ўрачыстым адкрыцці дома прынялі ўдзел генеральны дырэктар ААТ «БЕЛАЗ» Пётр Пархомчык і высокія госці: першы намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Сяргей Ляўковіч, намеснік Міністра прамысловасці Рэспублікі Беларусь Андрэй Буйневіч, старшыня Жодзінскага гарвыканкама Дзмітрый Заблоцкі, старшыня Смалявіцкага райвыканкама Андрэй Ратамскі.
Новы дом з сучаснай сістэмай і аб’ектамі інжынернай інфраструктуры ўводзіцца ў эксплуатацыю з поўным аздабленнем. Прадумана і эфектыўна выкарыстана сумежная тэрыторыя. У абавязковым парадку тут прадугледжаны аўтапаркоўкі, зручныя тратуары, гаспадарчыя пляцоўкі. Створаны спрыяльныя ўмовы для адпачынку жыхароў: пляцоўка для гульняў дзяцей, дзе ўстаноўлена гульнёвае абсталяванне і малыя формы архітэктуры. Праведзена добраўпарадкаванне і азеляненне тэрыторыі з улікам паверхавасці новага дома.
Будаўніцтва шматкватэрнага дома для белазаўскіх аграрыяў вялі спецыялісты і рабочыя шматпрофільнай будаўнічай вытворчасці «БЕЛАЗБУДКОМПЛЕКС» (далей – ШБВ «ББК»). ШБВ «ББК» ажыццявіла ўвесь комплекс будаўніча-мантажных і аздобных прац, а таксама добраўпарадкавала тэрыторыю, якая прылягае да новабудоўлі.
Белазаўскія будаўнікі на аб’екце ў СВК «Першамайскі»
Дарэчы, гэта ўжо не першы аб’ект у «Першамайскім», які пабудавала шматпрофільнае падраздзяленне БЕЛАЗа. Зусім нядаўна была запушчана ў эксплуатацыю новая малочна-таварная ферма (МТФ) на 774 галавы буйной рагатай жывёлы, абсталяваная ў адпаведнасці з сучаснымі тэхналогіямі, якія забяспечаць высокую прадуктыўнасць, якасць атрыманага малака і захаванасць пагалоўя. А ў 2014 годзе быў уведзены ў эксплуатацыю 12-кватэрны жылы дом для работнікаў СВК і іх сем’яў, у тым ліку і для маладых спецыялістаў гаспадаркі.
Забеспячэнне сацыяльнай абароненасці работнікаў – адзін з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці ААТ «БЕЛАЗ». Гэта пацвярджае і канцэпцыя будаўніцтва жылля для работнікаў таварыства на 2014–2020 гады, за час дзеяння якой 597 белазаўцаў палепшылі жыллёвыя ўмовы.
У гэтым 72-кватэрным доме жывуць белазаўцы (здадзены ў эксплуатацыю ў 2014 годзе)
У 2018 годзе 72 белазаўцы пабудавалі кватэры ў гэтым доме шляхам долевага будаўніцтва
БЕЛАЗ актыўна ўдзельнічае ў рэалізацыі задач дзяржаўнай жыллёвай палітыкі і дапамагае кожнаму работніку рэалізаваць сваё права на якаснае жыццё.
навіны: