0%

Эфектыўны маркетынг: час магчымасцей

9 марта 2020

Новости

Геаграфічная трансфармацыя экспарту за кошт асваення новых сегментаў глабальнага рынку і рэалізацыі навінак кар’ернай тэхнікі пры захаванні канкурэнтных пазіцый на традыцыйных рынках збыту – адна з прыярытэтных задач маркетынгавай палітыкі БЕЛАЗа.

Аб ключавых кірунках устойлівага прагрэсу БЕЛАЗа і стратэгічных прыярытэтах вытворчай дзейнасці кампаніі ў новым інфармацыйным праекце «Стратэгія развіцця»

Адпаведная ўсім міжнародным патрабаванням па бяспецы і экалагічнасці, высокатэхналагічная прадукцыя Беларускага аўтамабільнага завода даўно зарэкамендавала сябе ў розных кутках планеты.БЕЛАЗ стабільна ўваходзіць у тройку лідараў асноўных экспарцёраў кар’ерных машын, утрымліваючы на працягу апошняга дзесяцігоддзя да 30 % сусветнага рынку кар’ерных самазвалаў асабліва вялікай грузападымальнасці. Пры гэтым прадпрыемства з’яўляецца абсалютным сусветным лідарам у класе грузападымальнасці 110–150 тон з доляй рынку больш за 70 %.

Міжкантынентальны ўзровень
Вырашаючы прыярытэтныя задачы
Арыенцір на рынкі, што бурна растуць

МІЖКАНТЫНЕНТАЛЬНЫ ЎЗРОВЕНЬ

Для геаграфіі знешнеэканамічнага партнёрства ААТ «БЕЛАЗ» уласцівы міжкантынентальны ўзровень: наша тэхніка працуе ў 80 краінах свету. У мінулым годзе прадпрыемствам было экспартавана больш за 92 % прадукцыі. Пастаўкі ажыццяўляліся ў 27 краін свету, 19 з якіх – краіны далёкага замежжа. У першую пяцёрку партнёраў беларускага вытворцы кар’ернай тэхнікі па ўдзельнай вазе ў знешнегандлёвым абароце (экспарт + імпарт) уваходзяць Расія, Вялікабрытанія, Украіна, Узбекістан і ЗША. У 2019 годзе рэалізавана 849 адзінак тэхнікі: 796 кар’ерных самазвалаў, 9 шахтных самазвалаў і 44 адзінкі спецтэхнікі. Аб’ём экспарту ў цэлым перавысіў 727 млн долараў ЗША і па гэтым паказчыку мінулы год можна залічыць у пяцёрку найбольш паспяховых гадоў за ўсю гісторыю прадпрыемства.

Лідзіруючае месца ў агульным аб’ёме адгрузкі па выніках 2019 года занялі кар’ерныя самазвалы грузападымальнасцю 110–130 тон – 27 %, 220–240 тон – 24 % і 45 тон – 13 %. Сумарная доля дадзеных класаў грузападымальнасці склала 64 %.

Самая папулярная ў спажыўцоў мадэль кар’ернага самазвала на сусветным рынку – БЕЛАЗ-75131, на долю якога прыпадае 23 % ад агульнага аб’ёму рэалізацыі тэхнікі.

Асноўным рынкам збыту для кампаніі па-ранейшаму з’яўляецца Расійская Федэрацыя, куды рэалізавана прадукцыі на суму звыш 550 млн долараў ЗША, у тым ліку – 593 адзінкі тэхнікі.

Спажыўцам, у прыватнасці, прапанаваны шэраг новых і мадэрнізаваных мадэляў тэхнікі: новыя мадыфікацыі 90-тоннага самазвала ў камплектацыі з электрамеханічнай трансмісіяй пераменнага току – БЕЛАЗ-7558B з сістэмай кіравання трансмісіяй уласнай вытворчасці і БЕЛАЗ-7558С з электрапрывадам ЗАТ «ПТФК «Завод транспартнага электраабсталявання», а таксама кар’ерныя самазвалы БЕЛАЗ-75182 грузападымальнасцю 180 тон, 240-тонны БЕЛАЗ-75319 і 290-тонны БЕЛАЗ-75320.

Сярод экспартных паставак-2019 вылучаюцца мадэлі кар’ернай тэхнікі, якія выйшлі на новыя для сябе сегменты сусветнага рынку:
- новым рынкам для пагрузчыкаў БЕЛАЗ-78221 сталі Філіпіны;
- 90-тоннікі БЕЛАЗ-7558 – зусім новая мадэль для Узбекістана, Босніі і Герцагавіны і Чылі;
- партыя паліваарашальных машын БЕЛАЗ-76135 з аб’ёмам цыстэрны 119 м3 была ўпершыню адгружаная ва Украіну;
- парк тэхнікі АТ «Ковдорский ГОК» (Мурманская вобласць, Расія) папоўніўся новым класам грузападымальнасці 180 тонн;
- шэсць 180-тоннікаў БЕЛАЗ-75180 адгружаны на адрас АТ «Апатыт» (Расія) на руднік «Восточный», дзе раней гэтыя гіганты не працавалі;
-
220-тонны БЕЛАЗ-75307 стаў новым класам грузападымальнасці для АТ «ССГПО» (Казахстан) і новай мадэллю для АТ «Сибантрацит» (Расія);
- 240-тоннік БЕЛАЗ-75313 – навінка па класе грузападымальнасці для парка тэхнікі ТАА «Евразхолдинг» (Расія);
- чатыры 130-тонныя самазвалы БЕЛАЗ-75131 сталі першымі машынамі дадзенага класа грузападымальнасці ў В’етнаме.

Галіновы аналіз паказаў, што найбольш запатрабавана тэхніка «БЕЛАЗ» у прадпрыемстваў вугальнай, металургічнай, жалезаруднай, алмаза- і золатаздабывальнай прамысловасці.

ВЫРАШАЮЧЫ ПРЫЯРЫТЭТНЫЯ ЗАДАЧЫ

Спецыялістамі маркетынг-цэнтра БЕЛАЗа вядзецца мэтанакіраваны пошук дадатковых магчымасцей для павелічэння продажаў прадукцыі па ўсім свеце, а таксама падбор надзейных партнёраў, здольных забяспечыць прасоўванне і сэрвіснае суправаджэнне тэхнікі «БЕЛАЗ» у Еўропе, Азіі, Амерыцы, Афрыцы, праводзіцца актыўная праца па стварэнні і развіцці там тавараправоднай сеткі.

Намеснік генеральнага дырэктара па маркетынгавай і экспартнай палітыцы – дырэктар маркетынг-цэнтра Канстанцін Рыльцоў.

У мінулым годзе кіраўнікі і спецыялісты прадпрыемства правялі перамовы з патэнцыяльнымі партнёрамі і спажыўцамі больш чым у 30-ці краінах далёкага замежжа: Аўстраліі, Аўстрыі, Анголе, Аргентыне, Босніі і Герцагавіне, В’етнаме, Германіі, Зімбабвэ, Індыі, Інданэзіі, Канадзе, Катары, Кітаі, Кубе, Марока, Мексіцы, Мазамбіку, Манголіі, Пакістане, Перу, Партугаліі, Польшчы, Сербіі, Сірыі, ЗША, Судане, Турцыі, Чылі, ПАР і іншых дзяржавах.

Ужо ў бягучым годзе БЕЛАЗ разлічвае за кошт стратэгічнай схемы па маштабным пашырэнні рынкаў збыту і рэалізацыі навінак тэхнікі павялічыць долю краін далёкага замежжа ў агульным аб’ёме адгрузкі да 30 %.

На шляху вырашэння задачы па нарошчванні аб’ёмаў экспарту ў БЕЛАЗа ўжо маюцца пэўныя поспехі. У прыватнасці, у мінулым годзе беларускія кар’ерныя самазвалы адправілася ў Алжыр (пасля 50-гадовага перапынку), Балгарыю, Боснію і Герцагавіну, Эстонію, Інданэзію, Манголію, Польшчу, Сербію, Чылі, Філіпіны, што адкрывае перспектывы для далейшага прасоўвання па гэтых напрамках.

Мантаж шасці машын БЕЛАЗ-7555В ггрузападымальнасцю 55 тон на востраве Себу (Філіпіны).

Найбольшую ўдзельную вагу ў сусветных продажах маюць 90-тонныя самазвалы: за апошнія 12 гадоў у сярэднім яна складае 50 % – гэта больш, чым у любога іншага класа грузападымальнасці. Для параўнання: удзельная вага ў продажах 130- і 220-тонных машын складае ў сярэднім па 17 %.

Зыходзячы з такой тэндэнцыі попыту, БЕЛАЗам распрацавана і рэалізуецца комплексная праграма актыўнага прасоўвання 90-тоннікаў на сусветны рынак. На бліжэйшыя 5 гадоў пастаўлена задача выйсці ў дадзеным класе грузападымальнасці на ўзровень 20 % рынку з цяперашніх 6,3 %, што дазволіць пры захаванні існуючых долей у класах, дзе першынствуюць нашы 130- і 220-тонныя БЕЛАЗы, заняць больш за 30 % сусветнага рынку ў цэлым.

З інавацыйным 90-тонным самазвалам БЕЛАЗ-7558 з электрапрывадам пераменна-пераменнага току, які пацвердзіў сваю канкурэнтаздольнасць ў кар’ерах Расіі і іншых краін, рашэнне пастаўленых задач бачыцца цалкам рэальным. Да таго ж мадэльны рад гэтай серыі на сёння пераўзыходзіць лінейкі тэхнікі любога з канкурэнтаў.

Акрамя таго, БЕЛАЗ прапануе спажыўцам не проста канкурэнтаздольны прадукт, але і гнуткае цэнаўтварэнне, прывабныя ўмовы пастаўкі, у тым ліку пашыраную да двух гадоў гарантыю, магчымасць набыцця машын у лізінг, працу па схеме аўтсорсінгу.

АРЫЕНЦІР НА РЫНКІ, ШТО БУРНА РАСТУЦЬ

Улічваючы, што на рынках кар’ернай тэхнікі такіх краін, як Аўстралія, Чылі, Перу, па-ранейшаму назіраецца эканамічны рост, БЕЛАЗ асвойвае новыя вектары супрацоўніцтва ў першую чаргу менавіта там, робячы стаўку на навінкі тэхнікі.

Любы рынак спецыфічны, таму для кожнага з іх спецыялісты БЕЛАЗа выпрацоўваюць дэталёвую маркетынгавую стратэгію, падбіраючы на месцах надзейных партнёраў, якія маюць не толькі ўстойлівыя сувязі ў горнай галіне дадзенай канкрэтнай краіны, але і адпаведныя кваліфікаваныя кадры, здольныя забяспечыць прасоўванне і сэрвіснае суправаджэнне тэхнікі.

Найбольш сур’ёзны патэнцыял мае рынак кар’ернай тэхнікі Лацінскай Амерыкі. Два гады таму БЕЛАЗ зарэгістраваў у Чылі даччынае прадпрыемства, і ўжо ў мінулым годзе пасля 8-гадовага перапынку ажыццявіў першыя пастаўкі 90-тоннікаў БЕЛАЗ-75581 на выставу з іх далейшай рэалізацыяй. Цяпер гэтыя машыны ўжо знайшлі сваіх спажыўцоў. У цэлым чылійская пляцоўка павінна стаць для беларускіх кар’ерных волатаў той зыходнай кропкай, дзякуючы якой БЕЛАЗ зможа дэманстраваць патэнцыйным партнёрам з суседніх краін – Перу, Аргенціны, Балівіі, што і на рынку Лацінскай Амерыкі ўжо ёсць кар’ернікі з Беларусі. Бо трэба ўлічваць, што ў гэтага рынку свая спецыфіка: тут патрабуюцца машыны, адаптаваныя да складаных умоў мясцовых кар’ераў, якія знаходзяцца на вышыні больш за 3,5 тысячы метраў.

На міжнароднай выставе EXPONOR 2019 у чылійскім горадзе Антафагаста

Што тычыцца азіяцкага рэгіёна, то БЕЛАЗ выйшаў на рынак Індыі. У студзені і лютым для індыйскай вугальнай кампаніі Coal India Limited адгружаны першыя партыі самазвалаў БЕЛАЗ-75137 грузападымальнасцю 136 метрычных тон у рамках буйнога кантракта на 77 кар’ерных самазвалаў. Згодна дасягнутым з індыйскім бокам у кастрычніку мінулага года дамоўленасцям БЕЛАЗ будзе ажыццяўляць пастаўку запчастак і сэрвіснае абслугоўванне сваёй тэхнікі на працягу 8 гадоў эксплуатацыі. Паблізу горада Корба ў вугальнага кар’ера Gevra, на распрацоўцы якога будуць задзейнічаны «БЕЛАЗы», зараз у самым разгары будаўніцтва шматфункцыянальнага цэнтра тэхнічнай падтрымкі. Гэта першы шматабяцальны крок у нарошчванні прысутнасці БЕЛАЗа на перспектыўным індыйскім рынку.

Паспяхова працуе БЕЛАЗ і на рынку Інданэзіі, які стабільна займае лідзіруючыя пазіцыі па попыце кар’ернай тэхнікі ў рэгіёне. Здабываючыя кампаніі Інданэзіі не адзін год знаёмыя з тэхнікай беларускага аўтагіганта, і на фоне вельмі жорсткай канкурэнцыі, якая склалася ў рэгіёне, БЕЛАЗ тут даволі сур’ёзна адціскае канкурэнтаў. На працягу апошніх чатырох гадоў у гэтую краіну былі адгружаны больш за 50 машын грузападымальнасцю 110–130 тон, якія за гэты час выдатна зарэкамендавалі сябе ў складаных умовах экватарыяльна-трапічнага клімату.

Сур’ёзная работа вядзецца і на рынку Манголіі, дзе БЕЛАЗ шырока прадстаўлены. У гэтым годзе плануецца новая пастаўка мангольскім партнёрам не менш за 40–50 адзінак тэхнікі грузападымальнасцю 110–130 тон, а магчыма і больш цяжкіх 220-тонных машын.

Вельмі аб’ёмны паводле ацэнак экспертаў і рынак кар’ернай тэхнікі В’етнама. Год таму туды ўпершыню прыйшлі 130-тонныя беларускія самазвалы, паказаўшы ў ходзе эксплуатацыі добрыя вынікі і вельмі высокі каэфіцыент тэхнічнай гатоўнасці. Цяпер слова за патэнцыяльнымі спажыўцамі, якія пакуль прыглядаюцца, паколькі машын такой грузападымальнасці на іх рынку да гэтага яшчэ не было.

На сённяшні дзень БЕЛАЗ мае самую шырокую лінейку кар’ернай тэхнікі па грузападымальнасці. Акрамя гэтага кампанія гнуткая ў плане камплектацыі сваёй тэхнікі: прадастаўляе шырокі выбар па рухавіках ад вядучых сусветных вытворцаў, сілавых устаноўках, прывадах. Гэта дазваляе спажыўцам выбраць аптымальную канфігурацыю машын пад канкрэтныя ўмовы эксплуатацыі. Адпаведна і цэнавы дыяпазон кар’ернай тэхнікі «БЕЛАЗ» таксама даволі варыятыўны і прывабны.